Зачынены Расіяй крымскататарскі тэлеканал будзе працаваць у інтэрнэце

Крымскататарскі тэлеканал ATR, які 1 красавіка спыніў вяшчанне ў Крыме з-за адмовы Раскамнагляду зарэгістраваць яго, аднавіў сваю працу — у інтэрнэце.



atr.jpg

Рэдакцыя і журналісты ATR засталіся ў Сімферопалі
Як паведаміў у Facebook рэдактар ATR Раман Спірыдонаў, навіны інфармацыйнай службы тэлеканала Zaman і іх сюжэты можна будзе ўбачыць на афіцыйным сайце ATR і на сайце інтэрнэт-выдання «15 хвілін», якое ўваходзіць у медыяхолдынг ATR.
Уся рэдакцыя працуе ў Сімферопалі.
За той час, што канал не мог вяшчаць, былі падрыхтаваныя дакументальныя праекты пра крымскіх татараў, пра першых рэпатрыянтаў і пра дзяцей вайны.
Тэлеканал плануе рыхтаваць такую ж колькасць відэакантэнту, як і раней, калі навіннавы выпуск складаўся з 12 сюжэтаў.
Пры гэтым намеснік гендырэктара ATR па інфармацыйнай палітыцы Ліля Буджурава кажа, што паводле расійскага заканадаўства праект не павінен выглядаць як тэлевізійнае вяшчанне.
«Да прыкладу, у відэа не могуць гучаць такія словы як: «у нашым эфіры», «у нашай праграме», не можа быць запісу са студыі», — кажа яна.
Бі-Бі-Сі