Выбухі ў Іране: больш за сотню загінулых падчас цырымоніі ў гонар забітага военачальніка
Больш за сотню загінулых і параненых у выніку двух выбухаў, якія прагрымелі ў цэнтральным горадзе Керман у чацвёртую гадавіну з дня смерці генерала Касема Сулеймані, кіраўніка элітных іранскіх сіл «Аль-Кудс». Мясцовыя ўлады кажуць пра «тэракт».
Два выбухі забралі жыцці дзясяткаў людзей у іранскім Кермане, дзе праходзіла памінальная цырымонія ў чацвёртую гадавіну з дня смерці военачальніка Касема Сулеймані, які камандаваў элітным спецпадраздзяленнем "Аль-Кудс".
Паводле апошніх паведамленняў афіцыйных асоб Ірана, колькасць ахвяр склала 103, больш за 140 атрымалі раненні. Гэтыя даныя яшчэ будуць мяняцца.
Першы выбух прагрымеў за 700 метраў ад месца пахавання Сулеймані, а другі – за кіламетр ад яго, дадае агенцтва IRNA.
"Выбухі былі выкліканыя тэрарыстычнымі актамі", — цытуюць дзяржаўныя СМІ словы мясцовага чыноўніка правінцыі Керман, які не кажа, хто мог стаяць за атакай.
Дзве бомбы, якія выклікалі выбух ля могілак, дзе праходзілі жалобныя шэсці з нагоды гадавіны гібелі іранскага генерала КВІР Касема Сулеймані, былі закладзеныя ў торбах, іх узарвалі дыстанцыйна, паведамляе іранскае дзяржаўнае агенцтва Tasnim.
Выданне Nournews раней паведаміла, што "некалькі газавых балонаў выбухнулі на дарозе, якая вядзе да могілак".
Па даных агенцтва Tasnim, на месцы падзей не было высокапастаўленых членаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Вядомы прадстаўнік рэжыму аятал, генерал Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі быў забіты ў Багдадзе роўна 4 гады таму, 3 студзеня 2020 года, у выніку авіяўдару ЗША. На яго пахаванні ўзнікла цісканіна, якая прывяла да гібелі па меншай меры 56 чалавек, больш за 200 прысутных атрымалі раненні.
Пасля забойства Сулеймані прэзідэнт Ірана Хасан Раўханіпадпісаў закон аб прызнанні арміі ЗША і Пентагона тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Паводле euronews.com, ria.ru, rfi.fr