Выбары ў Малдове. Падлічана 83% бюлетэней
Па апошніх дадзеных, падлічана 83,7% галасоў. Сацыялістычная партыя працягвае ўтрымліваць лідарства — яна атрымала 21,63%, за ёй ідзе Ліберальна-Дэмакратычная партыя з 19,19 %. Камуністычная партыя набрала 17,94%, Дэмакратычная партыя —15,90%, Ліберальная партыя — 9,25%.
![thumbs_11_mol.jpg thumbs_11_mol.jpg](/img/v1/news/full/thumbs_11_mol.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Астатнія партыі не пераадолелі шасціадсоткавы бар’ер.
* * *
30 лістапада Малдова праводзіла парламенцкія выбары, у час якіх паміж сабой пазмагаюцца прарасейскія і праеўрапейскія партыі.
У бюлетэнях — 24 кандыдаты. Дарэчы, за некалькі дзён да выбараў са скандалам выключылі з перадвыбарчай кампаніі партыю “Патрыя”, якая лічылася прарасейскай. З-за замежнага фінансавання, якое, па словах мясцовых аналітыкаў, адбывалася з Крамля, а лідар партыі Рэната Усаты тэрмінова з’ехаў у Расею.
Тры чвэрці бюлетэняў падрыхтаваны на румынскай мове, а астатнія на рускай. Іх надрукавалі на матавай паперы з некалькімі метадамі абароны, каб не было фальсіфікацый. На кожным выбарчым участку – пласцікавыя ўрны і паўадкрытыя кабінкі для галасавання, і ўпершыню звесткі пра наведвальнасць выбаршчыкаў у рэжыме рэальнага часу будуць паступаць у Цэнтрвыбаркам. “Я думаю, што людзі зробяць правільны выбар наконт таго, куды ім рухацца далей – у Расею ці Еўропу, – распавядае жыхар Кішынёва Віктар Маразан. – Мне падаецца, што наша краіна заслужыла таго, каб быць еўрапейскай”.
…Тым часам сталіца Малдовы жыве сваім звыклым жыццём. Хтосьці рыхтуецца да навагодніх святаў, нехта прадае сувеніры, іншы зарабляе сабе на хлеб, як можа. І кожны хоча лепшага жыцця.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара