Вайна б'е найбольш балюча па тых, хто захацеў «вярнуцца дадому» ў Расію
Дзесяць гадоў таму ўтварылася некалькі мільёнаў людзей, якія не былі гатовыя прыняць Украіну як сваю дзяржаву. Дзе яны ў асноўным жылі? У Аўдзееўцы, у Лісічанску, у Бахмуце… Хто яны сёння ў асноўным? Бежанцы — прычым палова ў Расіі, палова ў Еўропе. Лягчэй ім стала? Гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале — пра галоўных ахвяраў вайны Расіі з Украінай.
— Можа быць, не зусім своечасовая думка, але што рабіць – калі прыйшла, то назад ужо не заткнеш. Думкі — яны такія.
Слухаў я Пуціна на мітынгу-канцэрце з нагоды анексіі Крыма. Там у асноўным дамінавала рыторыка «шляху дадому» для рускіх, якія засталіся за межамі Расіі пасля распаду СССР. І раптам падумалася: а што калі паглядзець на свет яго вачыма (ну і вачыма яшчэ некалькіх дзясяткаў мільёнаў, якія сёння за Расію без межаў і ўсё такое)?
Вучаць жа ўсіх, што трэба стаяць па-над сутычкай, каб і габрэі цэлыя, і жыхары Газы сытыя. Ну, устаў. Перайшоў рысу. Стала яшчэ горш.
Што было ў анамнезе? Быў Крым. Культурна ён быў прывязаны больш да Расіі, чым да Украіны. Палітычна — у сілу ланцужкі збольшага выпадковых абставінаў — стаў пры распадзе СССР часткай Украіны. З поўнай згоды Расіі, між іншым, і ў абмен на ядзерныя цацкі, якімі ў Крамлі цяпер якраз і трасуць як дзікуны, пагражаючы ўсіх парваць, нібы Тузік грэлку.
Першапачаткова была праблемная сітуацыя, якіх у свеце бясконцае мноства. Лягчэй пералічыць краіны, дзе іх няма. Але далёка не Арцах.
Аднак многія людзі, якія там жылі, захоўвалі падвойную ідэнтычнасць, пазіцыянуючы сябе як рускія культурна і як украінцы палітычна. Большасці гэта ніяк «не ціснула». Але нейкая частка на гэтым, вядома, павернутая была. Але і так бывае. Хто не верыць, хай пагутарыць з крайнімі правымі ў Англіі і ў Шатландыі.
Гэта значыць да 2013 года ну зусім ніякай крызіснай сітуацыі з рускімі ва Украіне не было — і гэта, як любяць казаць людзі з асяроддзя, якое падтрымлівае Пуціна, ёсць «медыцынскі факт».
З чаго ўсё пачалося? Пасля 2007 года ў пуцінскіх элітаў здарыліся «вялікія цёркі» з Вашынгтонам. Маўляў, дваццаць гадоў стаялі на каленях і смакталі для вас нафту, але больш не можам – мазоль гонару цісне.
У выніку гэтыя цёркі «замкнуліся» на лёсе пацана, якога Масква накшталт як «наглядчыкам» лічыла ва Украіне. Пацан жа аказаўся сапраўдным сучыным сынам (з чым нават у Маскве ніхто не спрачаўся), але ў дарадцах у яго быў Кум, так што гэта быў «наш сучын сын».
Калі Украіна супраць яго паўстала — дык Пуцін за яго ўпісаўся па-пацанску. Украіна паўстала супраць «наглядчыка» не таму, што ён быў «маскоўскі», а таму, што ён з абшчаку краў. Але, калі Пуцін за свайго па-пацанску ўпісаўся, то бунт набыў выразна анты-маскоўскі характар.
Пуцін сёння блытае прычыну і следства: не ставіў бы ён на свайго пацана да апошняга, можа, усё і інакш павярнулася б.
Якія гэта мела наступствы? Як толькі пайшла сеча, тыя самыя дзве ідэнтычнасці, якія раней цалкам мірна (на здзіўленне) ужываліся ва Усходняй і Паўднёвай Украіне адна з адной, сышліся паміж сабой у клінчы. І цяпер, вядома, гэта катастрофа і для ўкраінцаў, і для рускіх.
Але прычына гэтай катастрофы — сам Пуцін. Менавіта ён прыйшоў на Данбас як Федзя з «Прыгод Шурыка»: «У вас няшчасныя выпадкі на будоўлі былі? — Будуць!”. Там, дзе раней былі толькі мікратрэшчыны, пасля яго ўмяшання здарыўся страшны разлом, які падзяліў людзей па-жывому на сваіх і чужых.
Як справіцца з катастрофай? Добра, што здарылася — тое здарылася. Утварылася некалькі мільёнаў людзей, якія не гатовыя, не могуць прыняць Украіну як сваю дзяржаву. Дзе яны ў асноўным жылі? У Аўдзееўцы, у Лісічанску, у Арцёмаўску (Бахмуце) і далей па спісе. Хто яны сёння ў асноўным? Бежанцы (палова ў Расіі, палова ў Еўропе). Лягчэй ім стала?
Вайна абышлася Расіі мінімум у 250 мільярдаў долараў і яшчэ 300 мільярдаў фактычна страчаныя назаўжды. Паўтрыльёна долараў, укладзеныя ў рускіх перасяленцаў з Крыма, з Данбаса, з Адэсы зрабілі б усіх гэтых людзей самымі шчаслівымі на гэтай планеце. І заўважце — ніякіх забітых на вайне.
Выснова: Нават у крытычнай сітуацыі, якую Пуцін стварыў уласнымі рукамі, вайна —найгоршы сродак вырашэння праблемы, якая б'е больш балюча па тых расіянах, якія захацелі «вярнуцца дадому». Яны — галоўныя ахвяры вайны. І гэта натуральна, таму што яны заўсёды былі толькі падставай для вайны, а не прычынай. Ім дапамагае сёння той, хто ім больш за ўсё перашкаджае. Усё астатняе — мастацкі свіст на мітынгу-канцэрце.