"Усходняе партнёрства" ў Беластоку
“Усходняе партнёрства” сёння і ўчора. Перспектывы развіцця”. У Беластоку пачаўся Форум органаў мясцовай улады краінаў "Усходняга партнёрства" пад ганаровым патранатам прэзідэнта Польшчы. Прымаюць у ім удзел прадстаўнікі польскага ўраду ды запрошаныя госці з замежжа.

Катажына Пэлчынска-Налэнч, намесніца міністра замежных справаў Польшчы
Цягам двух дзён больш за 200 гасцей, а таксама прадстаўнікі усіх краінаў “Усходняга партнёрства” будуць дыскутаваць пра ролю мясцовага самакіравання. У планах форуму таксама практычныя візіты ва ўстановы самаўраду і гаспадаркі.
“Супраца з парламентам Рэспублікі Беларусь павінна ўтрымлівацца, нягледзячы на сумневы ў законнасці выбару дэпутатаў”, — заявіў старшыня ўзніклай у ліпені ў польскім Сойме групы па справах Беларусі Яўген Чыквін.
Ён лічыць, што большасць еўрапейскіх палітыкаў не цікавіцца эканамічным, а толькі палітычным пытаннем у польска-беларускіх дачыненнях:
— Для палітыкаў, як я кажу, найважнейшым ёсць хуткі вынік. А гэты вынік — перамены ў сённяшняй уладзе. Хоць у такіх дыскусіях датычна Беларусі я кажу: «А як зменіце ўладу, то якая яна будзе? Прарасійская ці бліжэй да Захаду?» Гэта адкрытае пытанне.
Кіраўнік узніклай раней парламенцкай групы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч адзначае, што дыялог магчымы толькі тады, калі Беларусь выканае пэўныя ўмовы:
— Гаворым тут пра вызваленне палітычных вязняў як пра першапачатковую ўмову для палітычнага дыялогу паміж Еўразвязам і Беларуссю. Польшча дадае да гэтага і пытанне малога памежнага руху, якое магло б стаць імпульсам у аднаўленні кантактаў паміж нашымі краінамі.
Якраз у стварэнні асобных парламенцкіх груп знайшло адлюстраванне разыходжанне польскіх парламентараў у тым, якой мусіць быць польская і еўрапейская палітыка ў дачыненні да беларускай дзяржавы. Гэтая пытанне палітыкі, між іншым, абмяркоўвалі ў час Форуму органаў самакіравання ў Беластоку.
* * *
— Польска-беларускія стасункі па-ранейшаму складаныя, — кажа віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Катажына Пэлчынска-Налэнч, якая сярод гасцей Першага Форума органаў мясцовай улады краінаў "Усходняга партнёрства" ў Беластоку. Польскі міністр лічыць, што перад самітам у Вільні многія пытанні не вырашальныя, і нагадвае пра патрабаванні Еўразвяза да Беларусі.
— Польская дзяржава, як і большасць краін Еўразвязу, спадзяецца, што Беларусь прыме дэмакратычныя стандарты, а перадусім вызваліць і рэабілітуе палітычных вязняў. Адначасова нам залежыць на тым, каб гэтыя цяжкія палітычныя адносіны не пераносіліся на стасункі паміж людзьмі, каб грамадствы мелі добрыя кантакты, каб мяжа была адкрыта,— адзначаеКатажына Пэлчынска-Налэнч.
Супрацоўніцтва — гэта не толькі палітыка, а таксама культура, эканоміка. Старшы дарадца беларускай амбасады ў Варшаве Андрэй Лазавік не згодны з пазіцыяй, якую выказала нашаму радыё польскі міністр. Беларусь ад саміта ў Вільні чакае ініцыятаваў эканамічнага плану — падкрэслівае беларускі дыпламат.
— Нават ва «Усходнім партнёрстве» Беларусь была ініцыятарам вельмі важнай ініцыятывы. Трэба зрабіць «Усходняе партнёрства» відавочнай для насельніцтва ўсіх краін ініцыятывай. Мы ініцыявалі бізнэс-форум, які быў праведзены ў Сопаце. Чакаем, што Вільня таксама падтрымае такую ідэю бізнэс-форума «Усходняга партнёрства», —заўважаеАндрэй Лазавік.
Беларусь зацікаўленая супрацоўнічаць у рамках “Усходняга партнёрства” па розных накірунках — пераконвае Андрэй Лазавік з беларускай амбасады ў Варшаве. Чарговы саміт праграмы Еўрапейскага саюза, на які запрошаныя 5 постсавецкіх краінаў, пройдзе ў канцы лістапада ў Вільні.
* * *
Форум органаў мясцовага самакіравання краінаў "Усходняга партнёрства" працягвае працу ў Беластоку. Дыскусіі і прэзентацыі, якія праходзяць у час мерапрыемства, прысвечаныя галоўным чынам пытанню перспектывы развіцця супрацы ў межах праграмы. Каб заахвоціць Беларусь актыўна супрацоўнічаць з Еўразвязам, трэба паказваць карысць ад гэтай праграмы звычайным грамадзянам, — адзначае старшыня групы па справах Беларусі ў польскім Сойме Роберт Тышкевіч:
— Перадусім трэба паказваць выгоды для звыклых людзей, грамадзянаў Беларусі. Падчас гэтай канферэнцыі многія кажуць, што праект “Усходняе партнёрства” павінен сысці на дол — да звыклага грамадзяніна. Каб звыклы грамадзянін мог адчуць, што можа прапанаваць Еўразвяз. Для таго размаўляем тут як па выніках саміта ў Вільні разгортваць праграмы супрацы мясцовых самакіраванняў, ладзіць абмен моладзевымі дэлегацыямі, разортваць такія праграмы, якімі маглі б пакарыстацца як мага больш звыклых людзей, —кажа Тышкевіч.
У Беласток на форум прыехала больш за 200 дэлегатаў з Польшчы і краінаў "Усходняга партнёрства". Афіцыйная Беларусь прадстаўлена толькі на дыпламатычным узроўні. Прысутнічаюць прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Беластоку.
* * *
Гарадзенскага старшыню гарвыканкаму не пусцілі на форум органаў мясцовай улады, які праходзіць у Беластоку. Там абмяркоўваецца досвед мясцовага самакіравання, прыехалі прадстаўнікі усіх краінаў “Усходняга партнёрства”, лакальныя ўлады Беларусі ніхто не прадстаўляе. Гарадзенскім уладам даслалі афіцыйнае запрашэнне. Пра гэта на форуме паведаміў прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
— Дазвол для мэра Гародні падпісвае губернатар. Я не валодаю інфармацыяй, чаму яго няма. Нашы адносіны перажывалі ўзлёты і падзенні. Было вельмі добра, пасля адносіны крыху пагоршыліся. Астатнім добрым сігналам была згода мэра Гародні прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве. Мы яго запрашалі.
Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня гэтую інфармацыю не пацвердзіў, але і не абверг, маўляў, можа гарадзенскага галаву затрымалі ягоныя справы.
— Гэта можа памылковая інфармацыя. Можа іншыя справы ў яго, можа штосьці яшчэ. Але я нават не ведаў, што нехта запрошаны з Гародні.
* * *
Беларусь не здольная ўплываць на працу «Усходняга партнёрства». Такое меркаванне выказвае эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч. «Кіраўніцтва краіны не ўздымае «слізкія» для яе тэмы, тэмы, якія цікавяць іх патэнцыйных партнёраў», зазначае эксперт:
— Праблема ўдзелу Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” ў тым, што Беларусь адмаўляецца размаўляць пра пытанні дэмакратыі і правоў чалавека. А Еўрапейскі саюз увязвае гэтыя пытанні з іншымі — гэта пытанні памежжа, энергетыкі, эканамічнай супрацы. І так далей.
Беласток прымае першы Форум органаў мясцовай улады краінаў «Усходняга партнёрства». Беларусь на ім прадстаўляе дэлегацыя мясцовага самакіравання з Гарадзеншчыны.
.jpg)
Тадэвуш Трускаляскі, прэзідэнт горада Беласток, і Яцэк Міхалоўскі, шэф канцэлярыі прэзідэнта Польшчы

Тадэвуш Трускаляскі, прэзідэнт горада Беласток

Гжэгаж Схетына, старшыня парламенцкай Камісіі замежных спраў Польшчы
* * *
Прадстаўнікі мясцовага самакіравання з Гарадзеншчыны прэзентуюць Беларусь на першым Форуме органаў мясцовай улады краінаў “Усходняга партнёрства”, які пройдзе ў Беластоку 19 і 20 верасня.
Абмен досведам і дыскусіі пра ролю самакіраваня ў краінах “Усходняга партнёрства” — планы на два дні, — паведаміла “Рацыі” прэсавы сакратар прэзідэнта Беластока Уршуля Мірончык.
— Адбудзецца дыскусія, якая будзе датычыць перспектыў развіцця супрацы, ролі мясцовага самакіравання ў рамках "Усходняга партнёрства". Спіс запрошаных цікавы, будзем размаўляць з людзьмі, якім блізкая тэма "Усходняга партнёрства" і развіцця гэтай супрацы.
У планах форума непасрэдныя візіты ва ўстановы самаўраду і гаспадаркі.
Улад Грынеўскі і Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя