Украінскія спецслужбы затрымалі афіцэраў ФСБ і ГРУ ВС РФ — Парубій

У выніку дзеянняў украінскіх спецслужбаў затрыманыя афіцэры Федэральнай службы бяспекі і Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэй Парубій.



1404_093008.jpg

Андрэй Парубій

Як паведамляе "Радыё Свабода", у інтэрв'ю Hromadske.tv па выніках нядзельнага пасяджэння Савета нацыянальнай бяспекі і абароны ён адзначыў, што ўкраінская ўлада будзе абясшкоджваць асобаў, якія трапілі на тэрыторыю Украіны звонку для дэстабілізацыі сітуацыі і ўзмацнення грамадзянскага супрацьстаяння на ўсходзе Украіны.

У той жа час, Парубій адмовіўся прыводзіць іншыя падрабязнасці антытэрарыстычнай аперацыі, якая па рашэнні СНБА праводзіцца на ўсходзе Украіны.

Як паведамлялася, спікер вярхоўнай рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што СНБА ў нядзелю прыняў рашэнне пачаць шырокамаштабную антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе Украіны з прыцягненнем узброеных сіл.

Пры гэтым ён заявіў, што напярэдадні "каардынаваныя Расійскай Федэрацыяй тэрарыстычныя атрады" захапілі ўпраўленне ўнутраных спраў і іншыя адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах Данецкай вобласці.

Паводле іnterfax.com.ua