Украіна адновіць выдачу відаў на жыхарства беларусам
Ва Украіне адновяць выдачу дазволаў на пастаяннае і часовае пражыванне грамадзянам Беларусі. Пра гэта на брыфінгу ў чацвер паведаміла кіраўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Наталля Навуменка, піша найбуйнейшы беларускі партал, прызнаны «экстрэмісцкім».
Яна адзначыла, што пасля пачатку вайны ў міграцыйнай службы
была «паўза» ў абслугоўванні грамадзян Расіі і Беларусі. Цяпер жа
ёсць разуменне далейшага падыходу да грамадзян Расіі, так як яна афіцыйна
прызнана ў Украіне краінай-агрэсарам.
«Наконт грамадзян Беларусі такога афіцыйнага прызнання
няма. Але мы мелі пэўную колькасць асоб, якія маглі прадстаўляць цікавасць для
нашых спецслужбаў, таму што незразумела, чым яны займаліся на тэрыторыі
Украіны. Тым не менш палітыка адносна грамадзян Беларусі на дадзены момант не змянілася.
Мы будзем у бліжэйшы час аднаўляць прыняцце дакументаў і афармленне дакументаў
гэтай катэгорыі грамадзян», — сказала Навуменка.
Што тычыцца грамадзян Расіі, працягнула яна, тыя з іх, хто
ўжо мае дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне, працягваюць знаходзіцца
ва Украіне на законных падставах і «могуць бесперашкодна ажыццяўляць ўезд і
выезд з тэрыторыі Украіны праз кантраляваныя пункты пропуску» (у дачыненні да
беларусаў гэтае пытанне не ўдакладняўся, але можна меркаваць, што яны наўрад ці
абмежаваныя ў правах больш расійцаў).
Пры гэтым, па словах чыноўніцы, міграцыйная служба разам з
праваахоўнымі органамі цяпер праводзяць «поўны аўдыт» таго, наколькі
абгрунтавана выдаваліся расійцам віды на жыхарства, дазволы на іміграцыю і
атрыманне грамадзянства, каб «вылучыць тых, хто можа весці дзейнасць супраць
Украіны». Зараз вядзецца распрацоўка адпаведных прававых актаў.
Што тычыцца прадастаўлення грамадзянства беларускім і
расійскім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны, па спрошчанай
працэдуры, Навуменка адзначыла, што гэтае пытанне яшчэ да пачатку вайны было
паспяхова ўрэгулявана ў заканадаўстве.
Усяго ва Украіне афіцыйна пражываюць больш за 150 тысяч грамадзян Расіі і Беларусі, дадала кіраўнік міграцыйнай службы.