Удзельніца «Pussy Riot»: «Мяне не пусцілі ў Грузію з-за актыўнай антыпуцінскай пазіцыі».
Удзельніца «Pussy Riot» Вераніка Нікульшына тлумачыць, чаму яе не пусцілі ў Грузію, хоць яна жыла ў краіне апошні год. І Вераніка далёка не першая, каго не пусцілі.
Вераніка Нікульшына распавяла ў інтэрв'ю «Можем объяснить»: «Мяне не пусцілі ў Грузію раніцай 1 лістапада. Калі шчыра, я не зусім упэўненая ў прычыне, таму што ў паперцы, якую мне далі, прычына нядопуску напісана ў графе «other».
Дзяўчына да гэтага часу знаходзіцца ў чаканні выніковага рашэння Тбілісі і не можа трапіць у краіну, дзе пражыла апошні год пасля вымушанага ад'езду з Расіі.
У Расіі Нікульшына ўнесена ў спіс фізічных асоб-іншаагентаў. Да экстраннага ад'езду з РФ яе з траўня мінулага года чатыры разы арыштоўвалі — усяго яна правяла ў зняволенні 60 дзён.
«Я думаю, мяне не пусцілі ў Грузію з-за маёй актыўнай антырасійскай пазіцыі, антыдзяржаўнай расійскай пазіцыі, антыпуцінскай», — лічыць Нікульшына.
Апошнім часам грузінскія ўлады ўсё часцей сталі адмаўляць ва ўездзе ў Грузію расійскім апазіцыйным актывістам. Да гэтага грузінскія памежнікі не пусцілі ў краіну расійскага журналіста Міхаіла Фішмана, палітыкаў Любоў Собаль і Дзмітрыя Гудкова, удзельніцу «Pussy Riot» Вольгу Барысаву. Адмяняюцца і канцэрты расійскіх выканаўцаў, што не падтрымалі вайну.
Адмовы пачасціліся, зразумелых крытэрыяў адмовы няма, кажа дырэктар Фонду «Свабодная Расія», які дапамагае эмігрантам, Ягор Курапцеў. Ён не выключае, што трыгерам сталі інтэрв'ю ў СМІ завербаваных ФСБ актывістаў, якія пацвердзілі, што ў Грузію іх адпраўляла ФСБ.