У Маскве пройдзе акцыя «Je suis Charlie»

У Маскве 11 студзеня ў 17:00 каля французскай амбасады актывісты правядуць акцыю, каб выказаць падтрымку сем'ям забітых журналістаў і паліцыянтаў у Парыжы.



je_suis_moscow.jpg

Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў Марк Гальперын.
Ён нагадаў, што напярэдадні паліцыя затрымала на Манежнай плошчы актывістаў, якія праводзілі адзіночныя пікеты ў знак салідарнасці з ахвярамі тэрактаў у Францыі.
На актывістаў былі складзеныя пратаколы з фармулёўкай «Трымаў плакат з надпісам «Je suis Charlie».
«Зразумела, што ўлада злачынная. Але яна яшчэ і тупая. 10 студзеня ў 16-00 актывісты традыцыйна праводзілі адзіночныя пікеты ля помніка Жукаву на Манежнай плошчы. Звычайна асноўнай тэмай пікету з'яўляюцца надзённыя падзеі палітычнага жыцця. На гэты раз мы выказалі падтрымку французскаму выданню Charlie Hebdo. у канцы адзіночнага пікету ўлады падаслалі правакатара, які ўстаў з невялікім белым лістком недалёка з нашага актывіста, трымаў плакат з вядомым слоганам «JE SUIS CHARLIE».
Паліцыянты тут жа схапілі нашага пікетчыка і адвялі ў аўтазак, нібыта пікет цяпер не адзіночны, а масавы (двое адначасова стаяць з плакатамі)», — адзначыў Гальперын.
«Затрымалі і мяне, да кучы. Затрымалі і правакатара, якога па дарозе ў АУС выпусцілі з аўтазака», — дадаў ён.
«Затрымліваць людзей, якія асуджаюць тэрор — гэта нонсэнс. І скандал. Больш за тое, падсылаць правакатара ў гэтым выпадку азначае падтрымліваць міжнародны тэрарызм і пляваць на магілы забітых карыкатурыстаў і афіцэраў паліцыі», — дадаў Гальперын.
«Што тычыцца (затрыманых) актывістаў — мы не здаемся. Выходзім пад французскую амбасаду ў Маскве па адрасе вул. Вялікая Якіманка, дом 45 (непадалёк ад метро Кастрычніцкая) і выкажам падтрымку сем'ям забітых журналістаў і паліцыянтаў. Прыходзьце на 17:00», — адзначыў актывіст.