У Вінніцы апазнаны целы ўсіх загінулых ад расійскага ўдару
У Вінніцы скончаны разбор завалаў, якія засталіся пасля расійскага ўдару па адной з плошчаў горада.
Зніклых без вестак у спісах уладаў больш няма, колькасць загінуўшых не змянілася — 24 чалавекі, у тым ліку трое дзяцей.
«Без вестак зніклых сёння няма. Завяршылі разбіраць завалы. У бальніцах працягваюць лячэнне 68 пацярпелых. З іх у цяжкім стане — 14 і чатыры — у крытычным», — паведаміў кіраўнік вінніцкай адміністрацыі Сяргей Барзоў.
Расійскі ўдар па Вінніцы быў нанесены 14 ліпеня. Плошча, па якой трапілі расійскія ракеты, размешчана на вялікім скрыжаванні, з якога можна дабрацца ў любую частку горада. На ёй у момант удару знаходзілася шмат людзей.
Расійскія ўлады і прадстаўнікі ўзброеных сілаў адмаўляюць абвінавачанні ва ўдарах па грамадзянскіх аб'ектах і сцвярджаюць, што мэтамі такіх удараў служаць аб'екты ваеннай інфраструктуры.