У Сірыі ад выбуху загінула 40 чалавек, сярод іх 11 дзяцей
Сама меней 40 мірных жыхароў, у тым ліку 11 дзяцей, загінулі 28 красавіка ў выніку выбуху аўтамабіля ў горадзе Афрыне на паўночным захадзе Сірыі, кантраляваным паўстанцамі, якіх падтрымлівае Турцыя. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Сірыйская абсерваторыя правоў чалавека заявіла, што забітых 46, хоць раней паведамлялася аб прыкладна 20 ахвярах. Акрамя таго, 50 чалавек атрымалі раненні, у многіх крытычны стан, што можа павялічыць лік смерцяў. Сярод загінулых не менш за 6 пратурэцкіх сірыйскіх байцоў.
Міністэрства абароны Турцыі раней абвінаваціла ў нападзе курдаў з «Атраду народнай абароны» (YPG), які Анкара лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй.
Выбух адбыўся ў ажыўленым месцы ў цэнтры Афрыну. У Дзярждэпартаменце ЗША адзначылі, што бомба была закладзена, калі людзі рабілі пакупкі. ЗША асудзілі напад.
У асноўным курдскі анклаў Афрын узялі пад кантроль турэцкія вайскоўцы і саюзныя сірыйскія паўстанцы падчас наступу ў сакавіку 2018 году.
Падобныя выбухі аўтамабіляў мелі месца ў гэтым раёне і раней. Анкара часта абвінавачвае YPG у такіх нападах, у той час як апалчэнцы кажуць, што не выступаюць супраць цывільных.
svaboda.org