У Маскве прайшоў мітынг за свабоду інтэрнэту. Паліцыянты выразалі з плаката слова «гады»

На праспекце Сахарава ў Маскве праходзіў мітынг за свабоду інтэрнэту. Яго ўдзельнікі выступаюць супраць цэнзуры і патрабуюць адмяніць «экстрэмісцкі» 282 артыкул Крымінальнага кодэкса.

Як паведамляе карэспандэнт «Медузы», у акцыі бяруць удзел прыкладна дзве тысячы чалавек. У прэс-службе маскоўскай паліцыі заявілі агенцтву «Інтэрфакс», што мітынгуюць каля адной тысячы.
Трэццяя частка ўдзельнікаў акцыі, са слоў карэспандэнта «Медузы», — прыхільнікі нацыяналістычных рухаў. На праспект Сахарава таксама выйшлі актывісты «Парнаса», лібертарыянцы, прыхільнікі Пірацкай партыі і «Дэмакратычнага выбару».
Невялікая група мітынгоўцаў выйшла з лозунгам «Свабоду Змітру Багатаву». Матэматыка Дзмітрыя Багатава абвінавачваюць у закліках да тэрарызму і масавых беспарадкаў. Ён быў заключаны пад варту, але ў канцы ліпеня яго перавялі пад хатні арышт.
Адразу пасля пачатку мітынга былі затрыманыя дзяўчыны, якія разгарнулі вясёлкавыя сцягі.
Да пачатку акцыі паліцэйскі выразаў слова «гады» з плаката з надпісам «Інтэрнэт не забярэце, гады». Гэты плакат размешчаны на сцэне.
Мітынг на праспекце Сахарава узгоднены маскоўскімі ўладамі. Заяўку на правядзенне акцыі падавала партыя «Парнас». Яна прасіла дазволіць мітынг на Пушкінскай плошчы, але маскоўская мэрыя адмовілася ўзгадніць такі варыянт.
Аналагічны мітынг прайшоў у Маскве 23 ліпеня. Яго ўдзельнікі, апроч іншага, патрабавалі адстаўкі кіраўніка Роскомнадзора Аляксандра Жарава.
Паводле meduza.io