У Кіеве пройдзе маштабная выстава Made in Belarus
З 11 па 14 красавіка ў Кіеве пройдзе выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая будзе самым маштабным выставачным мерапрыемствам Беларусі ва Украіне за апошнія некалькі гадоў, паведамілі БелаПАН ва ўнітарным прадпрыемстве «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У найбуйнейшым выставачным комплексе Украіны — кіеўскім Міжнародным выставачным цэнтры — будуць прэзентаваныя вядучыя беларускія брэнды ў сферах машынабудавання і нафтахіміі, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання, дрэваапрацоўкі і выпуску будаўнічых матэрыялаў, лёгкай прамысловасці, медыцыны і фармацэўтыкі, інфармацыйных тэхналогій, турызму.
Так, на калектыўным стэндзе канцэрна «Белнафтахім» будуць прадстаўленыя яго падведамныя прадпрыемствы «Гродна Азот», «Нафтан», «Магілёўхімвалакно», Завод горнага воску, Гомельскі хімічны завод.
Легкавыя і грузавыя шыны прэзентуе ТАА «Украінскі гандлёвы дом «Белшына».
Кар'ерныя самазвалы прадставіць «БелАЗ — кампанія-кіраўнік холдынга «БелАЗ-Холдынг». Сёння ва Украіне працуюць больш за дзве тысячы кар'ерных самазвалаў маркі «БелАЗ» — больш за 90% усяго парку кар'ерных самазвалаў краіны.
Газавыя, газаэлектрычныя і электрычныя пліты, убудаваную тэхніку, паветраачышчальнікі гандлёвай маркі Gefest прадэманструе СП ААТ «Брэстгазаапарат».
Стартары і генератары для рухавікоў аўтамабіляў, аўтобусаў, сельскагаспадарчай тэхнікі і спецтэхнікі гатовыя прапанаваць украінскаму рынку ААТ «БАТЭ» — кампанія-кіраўнік холдынга «Аўтакампаненты».
Прыборы начнога бачання, біноклі, аптычныя дэталі (прызмы, лінзы, люстэркі), сігнальныя і пробліскавыя маякі прадэманструе рагачоўскі завод «Дыяпраектар».
Розныя віды пражы і вырабы з трыкатажу прэзентуе ААТ «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб'яднанне «Палессе».
Сваю прадукцыю на выставе таксама пакажуць ААТ «Шчучынскі масласырзавод», ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», УП «Мінскі холадакамбінат № 2», Мінскі завод вінаградных вінаў.
Прыём заявак на ўдзел у выставе Made in Belarus у Кіеве працягваецца.
Арганізатарам выставы выступае Беларуская гандлёва-прамысловая палата, выставачным аператарам — выставачнае ўнітарнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа». Экспазіцыя арганізуецца пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне і Гандлёва-прамысловай палаты Украіны.
Першая выстава такога фармату прайшла ў жніўні 2017 года ў Астане (Казахстан). Мерапрыемства атрымалася маштабным: удзел у ім узялі больш за 70 айчынных кампаній. У цырымоніі адкрыцця Made in Belarus удзельнічалі прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і прэм'ер-міністр Казахстана Бакытжан Сагінтаеў. Непасрэдна падчас выставы было заключана больш за 30 дагавораў і пагадненняў аб намерах. Гэта кантракты на пастаўку ў Казахстан беларускіх трактароў (3.000 шт.), пагрузчыкаў (не менш за 50 адзінак больш як на 2 млн долараў), ювелірных вырабаў, прадуктаў харчавання.
Паводле belapan.by