У Кіеве хочуць забараніць арэнду і прыватызацыю камунальнай уласнасці беларусам і расіянам
Дакумент ужо ўнеслі ў гарсавет.
Дэпутаты Кіеўскага гарадскога савета прапануюць увесці забарону на арэнду і прыватызацыю камунальнай уласнасці сталіцы Украіны для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама для юрыдычных асоб, звязаных з гэтымі краінамі. Пра гэта гаворыцца на сайце рады.
Законапраект мае на ўвазе мараторый на адвод, заключэнне дагавораў арэнды зямельных участкаў, арэнду і прыватызацыю нежылых памяшканняў, цэласных маёмасных комплексаў камунальнай уласнасці Кіева.
Дакумент ужо ўнеслі ў гарсавет. Яго аўтар дэпутат Аліна Міхайлава расказала, што ўвядзенне мараторыя абумоўлена поўнамаштабнай узброенай агрэсіяй Расіі і «яе памагатага Беларусі» супраць Украіны, а таксама часовай акупацыяй часткі тэрыторый краіны.
— Гэты праект распрацаваны з мэтай абароны неаддзельнага суверэннага права Украіны на аднаўленне і захаванне яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Важна супрацьдзейнічаць унутранаму ўплыву патэнцыйнай расійскай агентуры і прыпыніць усе партнёрскія адносіны з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія падтрымліваюць ворага або замоўчваюць інфармацыю аб ваенных злачынствах Расіі на тэрыторыі Украіны дзеля ўласнай выгады, — гаворыцца ў тлумачэнні да прапановы.