У Грузіі з тысяч выкінутых на сметнік яек вывеліся кураняты
У грузінскім Марнэулі з пакінутых на сметніку яек адначасова вывеліся тысячы куранят, распавёў мясцоваму выданню «Нетгазети» кіраўнік горада Цемур Абаза.
Паводле яго слоў, адміністрацыя мясцовай птушкафабрыкі выкінула курыныя яйкі, палічыўшы, што прадукцыя пратэрмінаваная. Праз некалькі дзён з яек вывеліся кураняты, якія літаральна апанавалі тэрыторыю сметніка.
«Наколькі я ведаю, яйкі палічылі сапсаванымі і выкінулі на такое месца, дзе камяні і пастаяннае цяпло. Гэтыя яйкі апынуліся ў такіх умовах, як калі б іх выседжвала курыца, і адпаведна, вывелася шмат куранят. Многія мясцовыя жыхары забралі куранят дадому», — паведаміў Абаза.
Паводле novayagazeta.ru