У Бішкеку пратэст пасля парламенцкіх выбараў разагналі святлашумавымі гранатамі і вадамётамі

Супрацоўнікі міліцыі жорстка разагналі пратэставую акцыю ў цэнтры Бішкека, у якой прымалі ўдзел жыхары Кіргізстана, не згодныя з вынікамі парламенцкіх выбараў.

Цэнтральная плошча Бішкека, 5 кастрычніка 2020 года

Цэнтральная плошча Бішкека, 5 кастрычніка 2020 года

Акцыя пачалася днём 5 кастрычніка, у ёй прынялі ўдзел да шасці тысяч чалавек. Яе падтрымалі 11 партый, якія не прайшлі ў парламент. У першыя некалькі гадзін міліцыя не прадпрымала сілавых дзеянняў, толькі заклікаючы прысутных разысціся.
Разганяць пратэстоўцаў пачалі, калі яны рушылі да будынка ўрада краіны і паспрабавалі сілай прарвацца на тэрыторыю рэзідэнцыі, выламаўшы браму. Супрацоўнікі праваахоўных органаў выкарыстоўвалі спецтэхніку і святлашумавыя гранаты, слезацечны газ і вадамёты. Пратэстоўцы закідвалі іх камянямі.
У выніку сутыкненняў пацярпелі некалькі ўдзельнікаў акцыі, сярод іх — лідар партыі «Ата Мекен» Жанар Акаеў, якога паранілі ў нагу. МУС паведаміла пра дваіх пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Пратэстоўцы пераварочвалі і падпальвалі смеццевыя бакі, у цэнтры горада былі разбітыя некалькі аўтамабіляў.
Разагнаўшы натоўп, міліцыя пачала кропкавыя затрыманні.
Выбары ў Кіргізстане прайшлі 4 кастрычніка. Па папярэдніх даных, сяміадсоткавы бар'ер пераадолелі толькі чатыры партыі. Пры гэтым амаль палову месцаў сумарна атрымалі партыі «Биримдик» і «Мекен Кыргызстан». Першая, як лічыцца, мае цесныя сувязі з сям'ёй прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава, а другую звязваюць з кланам братоў Матраімавых, якіх называюць аднымі з найбольш уплывовых людзей Кіргізстана.
meduza.io