У Баварыі адкрыты сезон палявання на цмока
У баварскім горадзе Фурт-ім-Вальд зямлі Верхні Пфальц сёння зноў пачынаюць змагацца з цмокам. Аграмадны цмок рухаецца, рыкае ды вывяргае полымя і выпускан клубы дыму.
У гэтым сезоне першае "Закланне дракона" у Фурце (Further Drachenstich) адбудзецца ў пятніцу, 4 жніўня, апошняе — 20 жніўня, паведамляе www.dw.com.
Гэты фотаздымак быў зроблены напярэдадні, падчас генеральнай рэпетыцыі.
Паводле архіўных запісаў, першае такое прадстаўленне адбылося тут у канцы XVI стагоддзя падчас працэсіі, прысвечанай Святу Цела і Крыві Хрыстовых (Fronleichnam). У аснове ляжыць легенда з жыццяпісу Георгія Перамаганосца.
Германская кампанія Zollner Elektronik AG стварыла агнядышнага робата-цмока.
Цяперашні цмок быў упершыню задзейнічаны ў фестывальных спектаклях у 2010 годзе. Ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі чацвераногі робат у свеце.
Усё пачалося ў 2001 годзе, калі было прынята рашэнне замяніць старога цмока ў п'есе “Drachenstich”. У 2002 годзе зрабілі паменшаную копію ў маштабе 1:4, каб адпрацаваць тэхнічныя рашэнні. У лютым 2007 года праект афіцыйна быў распачаты і канчаткова завершаны 2 ліпеня 2010 года. 31 ліпеня цмок ўпершыню выйшаў на сцэну.
Памеры цмока — вышыня 9.1 м, даўжыня — 15.5 м, размах крылаў 12.1 м. Пры масе ў 11 тон, ён можа самастойна перасоўвацца і махаць крыламі. Можа перамяшчацца з хуткасцю 1,8 кіламетра на гадзіну, паварочваць галаву, мяняць выраз пысы.
Акрамя таго, цмок мае крывяносную сістэму, запоўненую 80 літрамі бутафорскай крыві. Цмок таксама мае сістэму падачы звадкаванага газу, з запасам — 11 літраў. Гэта дае яму магчымасць — як належыць любому цмоку, які сябе паважае! — вывяргаць полымя і выпускаць клубы дыму.