Трамп збіраецца абвясціць вялікую падатковую рэформу
У суботу прэзідэнт напісаў у «Твітэры», што «ў сераду будзе абвешчана аб вялікай рэформе падатковай сістэмы і зніжэнні падаткаў».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў на наступным тыдні зрабіць важную заяву з нагоды перагляду падатковага заканадаўства ЗША. Як патлумачыў у суботу супрацоўнік адміністрацыі, Трамп раскажа аб агульных прынцыпах змяненняў і абмалюе прыярытэты падатковай рэформы. Перагляд падатковага заканадаўства быў адным з галоўных абяцанняў перадвыбарнай кампаніі прэзідэнта.
Стаўшы прэзідэнтам, Трампу з цяжкасцю ўдаецца прасоўваць сваё бачанне ўнутранай палітыкі, уключаючы падаткаабкладанне, нягледзячы на тое, што Рэспубліканская партыя кантралюе абедзве палаты ў Кангрэсе. Праз тыдзень споўніцца 100 дзён з часу яго ўступлення на пасаду, аднак да гэтага часу Трампу не ўдалося дамагчыся змены заканадаўства або адабрэння прапанаванага ім праекта закона. Большасці яго папярэднікаў да гэтага часу на пасадзе прэзідэнта ўдавалася дамагчыся шэрагу заканадаўчых перамог.
Згодна з амерыканскім заканадаўствам, толькі Кангрэс мае паўнамоцтвы ўносіць значныя змяненні ў падатковае заканадаўства. У той жа час прэзідэнт часта ўплывае на парадак дня, прапаноўваючы змены.
«Мы гаворым аб усёабдымнай рэформе падаткавага заканадаўства, якая прадугледжвае зніжэнне падаткаў для фізічных асоб, спрашчэнне нашай занадта складанай сістэмы і стварэнне працоўных месцаў, дзякуючы павышэнню канкурэнтаздольнасці амерыканскага бізнэсу», — сказаў супрацоўнік адміністрацыі.
Будучы кандыдатам у прэзідэнты, Трамп даў падставу завышаным чаканням на фінансавых рынках і сярод бізнес-супольнасці, што складаная падаткавая сістэма будзе рэфармавана. У сваёй праграме «Кантракт з амерыканскімі выбаршчыкамі» Трамп абяцаў разам з Кангрэсам заняцца падаткавым заканадаўствам «у першыя 100 дзён працы яго адміністрацыі».
Згодна з заяўленым планам дзеянняў, падаткі павінны быць значна зніжаны для сярэдняга класа і бізнесу, колькасць прыступак у падатковай шкале павінна быць зменшана з сямі да трох. Акрамя гэтых прапаноў, праграма прадугледжвала спрашчэнне падатковых дэкларацый і падатковыя канікулы для рэпатрыяванага з афшораў прыбытку кампаній.
З тых часоў Трамп не прадаставіў афіцыйнага плана ці прапаноў па рэформе падаткавага заканадаўства. Час ад часу ён выказваўся ў падтрымку плана, распрацаванага рэспубліканцамі ў Палаце прадстаўнікоў, аднак на сённяшні дзень невядома, якой пазіцыі прэзідэнт прытрымліваецца з нагоды падатку на імпарт.
У лютым Трамп паабяцаў даць «фенаменальны» план па рэформе падаткавай сістэмы на працягу некалькіх тыдняў, не ўдаючыся ў падрабязнасці. План так і не быў прадстаўлены. Калі ў мінулым месяцы ў Кангрэсе правалілася спроба адмяніць закон аб ахове здароўя, вядомага як Obamacare, прэзідэнт сказаў, што сканцэнтруе намаганні на падатках.
Як заявіў у чацвер міністар фінансаў Стывен Мнучын, ён чакае, што Кангрэс ухваліць план па рэформе падаткавай сістэмы ў гэтым годзе.
Голас Амерыкі