Трамп кідае выклік газаваму дамінаванню Расіі

Белы дом мае намер спрасціць умовы экспарту звадкаванага прыроднага газу ва Усходнюю і Цэнтральную Еўропу, каб знізіць уплыў Расіі ў рэгіёне.

39466303_303.jpg

Злучаныя Штаты маюць намер спрасціць для амерыканскіх кампаній умовы паставак звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, паведамляе ў аўторак, 4 ліпеня, Reuters.

Спрашчэнне ўмоў экспарту ЗПГ на фоне яго значных запасаў у ЗША Вашынгтон мае намер выкарыстоўваць у якасці "палітычнага інструмента", каб знізіць энергетычную залежнасць шэрагу краін ад Расіі, адзначае агенцтва.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен абвясціць аб гэтым рашэнні на саміце "трох мораў", які адкрыецца ў чацвер, 6 ліпеня, у Варшаве. Адной з асноўных тэм сустрэчы стане пашырэнне рэгіянальнай энергетычнай інфраструктуры, у якую ўваходзяць будаўніцтва тэрміналаў ЗПГ і газаправодаў. У ліку аўтараў гэтай ініцыятывы — Польшча, Аўстрыя, Венгрыя, Латвія і Эстонія, адзначае Reuters.

Паводле словаў былога галоўнакамандуючага аб'яднанымі сіламі NАТO ў Еўропе Джэймса Джонса, павелічэнне экспарту амерыканскага звадкаванага прыроднага газу знізіць уплыў Расіі ў рэгіёне. "Я думаю, Злучаныя Штаты могуць прадэманстраваць сваю добразычлівасць, экспартуючы энерганосьбіты і дапамагаючы стаць больш самастойнымі і менш залежнымі краінам, якія не маюць дастатковай колькасці рэсурсаў", — цытуе словы Джонса агенцтва.

Саміт "трох мораў" названы так, паколькі большасць краін, якія ўдзельнічаюць у ім, размешчаны паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным марамі. Саміт будзе папярэднічаць пасяджэнню лідараў G20 у Германіі. Плануецца, што падчас саміту "Вялікай дваццаткі" адбудзецца сустрэча Трамп з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Паводле www.dw.com