«Талібан» прызнаны ў Расіі тэрарыстычнай арганізацыяй, але яго дэлегацыя прыбыла ў Маскву
У Маскве знаходзіцца дэлегацыя палітычнага офіса руху «Талібан», афіцыйна прызнанага тэрарыстычнай арганізацыяй, дзейнасць якой у Расіі забароненая. Пра гэта паведаміла «Інтэрфаксу» інфармаваная крыніца, не стаўшы ўдакладняць мэту і праграму візіту дэлегацыі.
У Маскву прадстаўнікі «Талібану» прыбылі на фоне
распачатага ў Афганістане наступу іх сіл на ўрадавыя войскі. У Афганістане «Талібан» актывізаваў баявыя дзеянні пасля таго, як ЗША пачалі
выводзіць з краіны свае войскі.
Вайскоўцы ўрадавых сіл, у прыватнасці, адступаюць на
тэрыторыю Таджыкістана, дзе знаходзіцца 201-я расійская ваенная база —
найбуйнейшы ваенны аб'ект Расіі за яе межамі. 5 ліпеня прэзідэнт Расіі
Уладзімір Пуцін паабяцаў дапамогу Таджыкістану ў сувязі з абвастрэннем на мяжы
з Афганістанам.
У Маскве ў 2018 годзе ўжо праходзілі кансультацыі з удзелам
прадстаўнікоў «Талібану».