Спыняе працу найстарэйшая АЭС Францыі
Абсталяванне першага энергаблока АЭС Фесенхайм адключана. Спыненне другога запланавана на канец чэрвеня. Экаактывісты неаднаразова патрабавалі закрыць АЭС, якая працуе каля мяжы з ФРГ з 1977 года.
Найстарэйшая атамная электрастанцыя ў Францыі спыняе працу. Абсталяванне першага з двух энергаблокаў АЭС Фесенхайм было адключана раніцай у суботу, 22 лютага. Прыпынак другога запланаваная на 30 чэрвеня.
Дэмантаж ядзернага рэактара пачнецца ў 2025 годзе і можа ісці да 2040 года. Германія і Францыя дамовіліся адкрыць у рэгіёне тэхнапарк, для чаго прадугледжаны 1 млн еўра.
Першапачаткова спыніць працу АЭС планавалася да канца 2016 года. Праціўнікі атамнай энергетыкі з Германіі, Францыі і Швейцарыі доўгі час патрабавалі закрыць электрастанцыю, якая знаходзіцца ў адным кіламетры ад мяжы з Германіяй. Рэактары гэтай АЭС былі запушчаны ў 1977 годзе, на ёй неаднаразова адбываліся паломкі.
А што там з беларускай АЭС?
Запуск першага блока АЭС, якая будуецца ў аграгарадку Варняны пад горадам Астравец непадалёк ад мяжы з Літвой, запланаваны на 2020 год, запуск другога блока — на 2021. Супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС неаднаразова выказваліся беларускія эколагі, грамадскія і палітычныя актывісты.
Улады і грамадзяне Літвы таксама часта выступаюць супраць таго, каб АЭС працавала так блізка ад літоўскай мяжы, і патрабуюць ад еўрапейскіх палітычных сілаў паўплываць на Беларусь у гэтым пытанні. У Літве нават праводзіліся вучэнні на вупадак аварыі на БелАЭС.