СМІ: прычынай крушэння Ту-154 над Чорным морам стала памылка экіпажа

Крушэнне самалёта Ту-154 над Чорным морам у снежні 2016 года адбылося праз памылку экіпажа, паведамляе газета «КоммерсантЪ». Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.

Фота: KOMMERSANT.RU

Фота: KOMMERSANT.RU


Паводле інфармацыі крыніц выдання, эксперты пакуль не ўсталявалі дакладных памылак, што прывялі да авіякатастрофы. Пры гэтым дакладна выключаны варыянт тэхнічнай няспраўнасці самалёта.
Згодна з папярэднімі высновамі камісіі па расследаванні прычынаў крушэння, усе сістэмы самалёта працавалі спраўна да сутыкнення з вадой. Зараз эксперты вывучаюць дзеянні лётчыкаў падчас узлёту Ту-154.
Расследаванне прасоўваецца марудна праз нізкую якасць дадзеных з бартавога самапісца, выпушчанага ў 1980-х гадах, удакладняе «КоммерсантЪ».
Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны, які накіроўваўся з Сочы ў Сірыю, разбіўся над Чорным морам 25 снежня 2016 года. Загінулі ўсе 92 чалавекі, якія знаходзіліся на борце — артысты ансамбля імя Аляксандрава, вайскоўцы, журналісты і кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка.
Паводле «Радыё Свабода»