Сербскі прэзідэнт: Калі Украіна прызнае Косава — «у адзін дзень страціць усё»

Сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч рэзка пракаментаваў перспектывы прызнання Украінай Косава пасля таго, як адзін з украінскіх дэпутатаў падпісаў зварот да ўрадаў заходніх дзяржаў з заклікам перагледзець палітыку ў дачыненні да Бялграда і Прышціны.

Фота Marco Fieber / Flickr.com

Фота Marco Fieber / Flickr.com

Ліст, які падпісалі кіраўнікі дзесяці парламенцкіх камітэтаў па замежных справах і больш за паўсотні дэпутатаў розных парламентаў, заклікае ўзмацніць ціск на Сербію і адысці ад спробаў балансу ў дачыненні да яе і Косава, піша «Еўрапейская праўда».

Ініцыятарам ліста стала брытанская дэпутатка Алісія Кернс, далучыўся да яе і старшыня Камітэта Вярхоўнай рады Украіны ў пытаннях замежнай палітыкі і міжпарламенцкага супрацоўніцтва Аляксандр Меражко.

Вучыч, калі каментаваў гэты ліст, заявіў, што ён накіраваны супраць Сербіі і нібыта робіць яе «вінаватай за дапамогу людзям у Рэспубліцы Сербскай», а яшчэ – накіраваны на «правакаванне канфлікту».

«Украіна — дружалюбная нам краіна. Думаю, Зяленскі разумнейшы за Меражко. Таму што ўявіце: калі Украіна прызнае незалежнасць Косава, то страціць усё ў адзін дзень», – дадаў прэзідэнт Сербіі, не ўдакладніўшы, што мае на ўвазе.

Ён дадаў, што заўсёды будзе адстойваць «лібертарыянскі падыход» і права Сербіі прымаць уласныя рашэнні.


Глядзіце таксама


Як вядома, Украіна афіцыйна не прызнае Косава — краіну, якая абвясціла незалежнасць у 2008 годзе і чыё права зрабіць гэты крок пацвердзіў Міжнародны суд ААН.

З тых часоў каля ста краін свету прызналі Косава, астатнія ж лічаць яго часткай Сербіі, дзе краіна афіцыйна лічыцца краем Косава і Метохія.

Раней Сербія выказвала незадаволенасць галасаваннем Украіны ў Камітэце міністраў Рады Еўропы наконт сяброўства Косава ў Радзе Еўропы.