Рымскі папа ў лагеры мігрантаў

У суботу лідар каталіцкай царквы сустрэўся з мігрантамі на выспе Лесбос і, паводле некаторых звестак, забраў з сабой у Ватыкан тры сям'і ўцекачоў.

papa_dzieci.jpeg


Усё большы розгалас атрымлівае візіт папы Францыска ў Грэцыю. Яшчэ пару гадоў таму сустрэчы са скандальна вядомым прэм'ерам Цыпрасам і патрыярхамі грэцкай праваслаўнай царквы маглі б самі па сабе стаць падзеяй  дня.
Але ў сённяшніх умовах галоўная ўвага прыцягнута да з'яўлення папы і астатняй кампаніі ў лагеры ізаляцыі бежанцаў Морыя (Moria), дзе ўтрымліваецца больш за 3000 мігрантаў. Гэтая паездка не была прадугледжана праграмай.
Папа паразмаўляў з падлеткамі, што самастойна пераплылі мора, атрымаў малюнак у падарунак ад дзяўчынкі і звярнуўся з прамовай да тых, хто чакае вырашэння свайго лёсу.

«Я тут, каб даць знак — вы не ў самоце...»
cq5dam.web.800.800.jpeg


Потым разам з праваслаўнымі іерархамі папа правёў мемарыяльную цэрэмонію ў памяць ахвяраў міграцыі. Дзея прайшла ў порце Мытлен, з якога раней адбыліся першыя дэпартацыі ў межах еўрапейска-турэцкай дамовы аб прымусовым вяртанні нелегалаў. Падчас цэрэмоніі папа звярнуўся ўжо да сусвету і каталікоў усіх краін, заклікаючы да адказнасці і салідарнасці ў падтрымцы бежанцаў.

«Перш за ўсё бежанцы — гэта не лічбы, а людзі са сваімі тварамі, імёнамі, гісторыямі».


У супольнай дэкларацыі рэлігійныя лідэры заклікалі сусветную супольнасць абараняць чалавечыя жыцці і даваць больш часовых прыстанішчаў тым, каму гэта трэба.
Падкрэсліваючы словы справай, у зваротны рэйс папа ўзяў тры сірыйскіх сям'і (шэсць дарослых і шэсць дзяцей), якімі будзе апекавацца Ватыкан.
Паводле матэрыялаў BBC, The Guardian , L'Osservatore Romano