Рон Дэсанціс — будучы прэзідэнт ЗША? Дасье ў карыкатурах

Губернатар Фларыды Рон Дэсанціс вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта ЗША. Ху із Рон Дэсанціс, дапамогуць зразумець карыкатуры.

7_282.jpg

Малюнак The Economist

Упершыню Рон Дэсанціс (нарадзіўся ў 1978 годзе) звярнуў на сябе ўвагу амерыканскага палітыкума, калі ў 2012 годзе быў абраны членам Палаты прадстаўнікоў ад Фларыды. Будучы дэпутатам ён праславіўся як крытык Барака Абамы і прыхільнік Дональда Трампа. Верагодна, дзякуючы дапамозе Дональда ён і стаў у 2018-м губернатарам Фларыды. Прынамсі мастакі падчас выбарчай кампаніі ахвотна малявалі Рона як марыянетку Трампа. Тагачасны малюнак выдання South Florida Sun Sentinel.

1_729.jpg

Патрапіўшы ў крэсла губернатара, Дэсанціс выявіў сябе як вельмі кансерватыўны палітык, што зрабіла яго вядомым у іншых Штатах. Напрыклад, рэзананс выклікала рэакцыя Дэсанціса на пандэмію. Ён адмовіўся ад абвяшчэння надзвычайнага становішча ў штаце, супраціўляўся ўвядзенню абмежаванняў, такіх як абавязковыя маскі і вакцынацыя. Статыстыка смерцяў у штаце была дастаткова высокай, што адзначалі ў тым ліку мастакі. Для прыкладу малюнак Эндзі Марлеце, на якім Смерць задаволена палітыкай Дэсанціса ў вобласці барацьбы з вірусам.

Трэба адназчыць, што першапачаткова людзі былі незадаволеныя крокамі Дэсанціса, аднак рэжым каранціну выклікаў яшчэ большую незадаволенасць. Праз год пасля пачатку пандэміі ў губернатара быў у цэлым станоўчы рэйтынг адабрэння, ад 51% да 64%.

2_673.jpeg

Нарабіла шуму і стаўленне Дэсанціса да пытання вольнага валодання зброяй. Губернатар выступае супраць кантролю над зброяй. Больш за тое ён нават прапанаваў новы закон аб самаабароне, які дазваляў бы грамадзянам ужываць зброю супраць асоб, якія, паводле іх меркавання, збіраюцца іх рабаваць. А 3 красавіка 2023 года губернатар падпісаў закон, які дазваляе схаванае нашэнне зброі без атрымання дазволу з боку ўладаў штата (набудзе моц 1 ліпеня 2023 года). Не дзіўна, што карыкатурысты любяць маляваць палітыка як узброенага вар'ята. Малюнак з рэсурсу Cagle.

3_603.jpg

За час сваіх губернатарскіх кадэнцый Рон Дэсанціс стаў ці ледзь не ворагам нумар адзін для барацьбітоў за талерантнасць. Пры ім у Фларыдзе абмежавалі права на правядзенне аборту пасля шостага тыдня цяжарнасці. У чэрвені 2021 года ён падпісаў закон, які забараняе трансгендарным дзяўчынкам і жанчынам удзельнічаць у жаночых спартыўных спаборніцтвах. У сакавіку 2022 года пралабіраваў закон, які забараняе выкладанне курсаў гендарнай ідэнтычнасці ў школах.

Першапачаткова закон распаўсюджваўся толькі на малодшыя класы, але потым яго пашырылі на ўсе класы — а школы былі вымушаныя правяраць кнігі ў бібліятэках і прыбіраць тыя з іх, на якія скардзіліся кансерватыўныя бацькі ці чыноўнікі. У выніку мясцовы дэпартамент адукацыі забараніў 54 са 132 падручнікаў. Барацьба губернатара з падручнікамі натхніла мастака выдання West Central Tribune выявіць палітыка ў выглядзе класічнага нацыста, які спальвае крамольныя кнігі.

4_566.jpeg

Праз талерантнасць Дэсанціс таксама пасварыўся з кампаніяй Walt Disney, якая мае у Фларыдзе велізарны парк Walt Disney World. У лютым 2023 года губернатар пазбавіў парк аўтаноміі і прывілеяў з-за таго, што супрацоўнікі насуперак закону штата абмяркоўвалі гендарную ідэнтычнасць з дзецьмі. У адказ гігант індустрыі забаў абвінаваціў губернатара ў арганізацыі «кампаніі помсты з боку ўрада». Юрыдычная бітва Мікі Маўса і палітыка пачалася ў мінулым годзе і вельмі актыўна каментуецца ў тым ліку графікамі. Малюнак Боба Роджэрса.

5_521.jpg

Так ці інакш Дэсанціс стаў для многіх амерыканцаў эталонным ультракансерватарам. У выніку пра яго пачалі часцей расказваць у нацыянальных навінах. Усё больш пачалі казаць пра палітыка як пра патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, асабліва пасля таго, як рэспубліканцы не змаглі атрымаць адназначную перамогу на апошніх парламенцкіх выбарах. Многія абвінавацілі ў гэтым Трампа з яго спецыфічным характарам.

У сувязі з гэтым узнікла пытанне: ці нельга знайсці такога кандыдата, які пры захаванні палітычных прынцыпаў Трампа не выглядаў бы так агідна для большасці выбаршчыкаў? Відавочным лідарам у барацьбе за права стаць такім палітычным спадчыннікам Трампа стаў як раз Рон Дэсанціс.

І вось ён вырашыўся. 24 траўня губернатар Фларыды вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта ЗША на выбарах 2024-га. Спробу Дэсанціса стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў выданне The Week каментуе арыгінальным малюнкам. На малюнку Дэсанціс намагаецца спадабацца слану (сімвал партыі рэспубліканцаў).

6_392.jpg

Зрэшты, старт кампаніі аказаўся для Рона не зусім удалым. Першыя апытанні паказваюць, што Дэсанціс значна адстае ад Трама, які збіраецца вярнуцца ў Белы дом. З іншага боку, часу дагнаць канкурэнта да пачатку праймерыз кандыдатаў у Рона хапае. Брытанскі часопіс The Economist адлюстраваў гонку Дэсанціса за Трампам наступным чынам.

7_282.jpg

Застаецца згадаць аб знешнепалітычных поглядах Дэсанціса, у прыватнасці, па Украіне. У лютым 2022-га ён рашуча падтрымаў Кіеў. Але затым яго ацэнка змянілася. У сакавіку 2023-га Дэсанціс назваў гэтую вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай» паміж Расіяй і Украінай. У красавіку палітык, які раней скептычна выказваўся наконт масіраванай амерыканскай ваеннай дапамогі Кіеву, заклікаў да мірных перамоваў. Хаця, відавочна, што яго ацэнка канфлікту будуецца шмат у чым на крытыцы адміністрацыі Байдэна, які падтрымлівае Украіну. Які будзе знешнепалітычны курс Дэсанціса, калі ён стане прэзідэнтам, пакуль цяжка прагназаваць.