Расследаванне: Пуцін купіў Кабаевай самую вялікую кватэру ў Расіі (фота)

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін набыў алімпійскай чэмпіёнцы па мастацкай гімнастыцы Аліне Кабаевай самую вялікую кватэру ў Расіі. Гэты высветліла выданне «Праект».

1_673.jpg

Гаворка ідзе пра раскошны двухпавярховы пентхаус, пабудаваны ў сочынскім жылым комплексе «Каралеўскі парк». Плошча кватэры 2,6 тысячы квадратных метраў, у ёй ёсць басейн, кінатэатр і ўласная верталётная пляцоўка. Над дызайнам пентхауса працаваў Валянцін Юдашкін. У 2021 годзе гэты пентхаус быў прызнаны «самай вялікай кватэрай Расіі».

«Дзякуючы фатаграфіям маеце ўнікальны шанец вывучыць кватэру Аліны Кабаевай, — пішуць журналісты. — Натуральна, гэта не проста жыллё. Па-першае, гэты пентхаус лічыцца самай вялікай кватэрай у Расіі. Па-другое, «гімнастка» (так за вочы называюць каханую Пуціна) атрымала нерухомасць ад Уладзіміра Пуціна. Дакладней, кватэру купілі на сродкі з яго «кашалька», што лішні раз даказвае сувязь Кабаевай з кіраўніком дзяржавы».

stolovaya_1.jpg


Адзначаецца, што пентхаус у 2011 годзе аформіў на сябе адзін з «кашалькоў» Пуціна Алег Рудноў, пазней актыў перайшоў яго сыну Сяргею. А грошы на куплю — каля 90 млн рублёў (дарэчы, гэта прыкладна ў пяць разоў ніжэй за цану, якую называў забудоўшчык) — паступілі яму з прэзідэнцкага «кашалька» — кіпрскага афшора «Ermira», распавёў «Праекту» былы топ-менеджар аднаго з сяброў прэзідэнта, які займаўся справамі фірмы.

Прозвішча Руднова ўжо само па сабе таксама ўказвае на прэзідэнта, таму што гэты чалавек — не проста даўні знаёмы Пуціна, але яшчэ і яго «намінал». У прыватнасці, гэта ён у 2000-х перадаў нерухомасць побач з Дварцовай плошчай у Пецярбургу пуцінскай палюбоўніцы Святлане Крываногіх.

Крыніца выдання сцвярджае, што кватэру ў Сочы Рудноў купіў менавіта для каханай Пуціна. Ускосна гэта пацвярджаецца тым, што дзве кватэры на верхніх і прылеглых да пентхауса паверхах жылога комплексу аформілі на бабулю Кабаевай — Ганну Зацэпіліну.

enterance_1.jpg


Каб пераканацца, што пентхаус у «Каралеўскім парку» звязаны з Кабаевай, карэспандэнт «Праекта» адправіўся ў Сочы і пад выглядам пакупніка сустрэўся з двума рыэлтарамі, якія гандлююць кватэрамі ў гэтым доме. Яны незалежна адзін ад аднаго прызналіся: чулі, што пентхаус знаходзіцца «ва ўласнасці Кабаевай».

kvatera_kabaevaj__4_.jpg

kvatera_kabaevaj__5_.jpg

Аліна Кабаева — кіраўніца Рады дырэктараў «Нацыянальнай медыягрупы». Яе асабістае жыццё часта звязваюць з прэзідэнтам Расіі. Газета «The Wall Street Journal» пісала, што спартоўка можа быць маці «як мінімум траіх дзяцей» Пуціна. Журналісты сцвярджаюць, што ў 2015 годзе яна нарадзіла дзіця ад Пуціна ў Швейцарыі, а ў 2019 годзе — яшчэ двух блізнят у Маскве. Крэмль ніколі не каментаваў змястоўна ніякіх паведамленняў пра дзяцей Пуціна, адмаўляючыся прызнаваць гэтае пытанне часткай грамадскіх інтарэсаў. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну супраць Кабаевай увялі санкцыі ЗША, ЕС, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія і Японія.

7_258.jpg

3_556.jpg