Расія. Штраф за адсутнасць маскі ў транспарце Масквы складзе 5 тысяч рублёў
З 12 траўня ў грамадскім транспарце Масквы стане абавязковым насіць маскі і пальчаткі.
Штраф, які будзе спаганяцца з пасажыраў грамадскага транспарту ў расійскай сталіцы за адсутнасць масак і пальчатак, складзе 5 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 165 беларускіх рублёў), паведамляе ТАСС са спасылкай на словы начальніка Галоўкантролю Масквы Яўгена Данчыкава.
"Мэр Масквы Сяргей Сабянін агучыў, што будзе ўводзіцца масачны рэжым з 12 траўня… З моманту ўвядзення гэтых нормаў і патрабаванняў будзе прымяняцца і адміністрацыйная адказнасць да парушальнікаў. За парушэнне нормаў паводзін пры рэжыме павышанай гатоўнасці ў транспарце штраф складзе 5 тысяч рублёў, у іншых грамадскіх месцах — 4 тысячы рублёў", — сказаў Данчыкаў.
Таксама ў чацвер, 7 траўня, улады Масквы працягнулі рэжым самаізаляцыі да 31 траўня. Усе закрытыя цяпер у Маскве прадпрыемствы сферы паслуг, гандлю, адукацыі, культуры і спорту не будуць працаваць да 31 траўня, паведаміў мэр сталіцы Сяргей Сабянін.
Рэжым самаізаляцыі дзейнічае для жыхароў Масквы з 29 сакавіка. У горадзе не працуюць крамы — за выключэннем прадуктовых, што гандлююць таварамі першай неабходнасці і таварамі для жывёл, зачыненыя тэатры, рэстараны, кафэ, фітнес-цэнтры, салоны прыгажосці, забаронена наведванне паркаў і правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў.
У сталічны Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) таксама былі ўнесеныя змены, якія ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць для грамадзян за невыкананне патрабаванняў рэжыму павышанай гатоўнасці, у прыватнасці, рэжыму самаізаляцыі, у выглядзе штрафу для фізічных асоб у памеры 4 тысячы рублёў, а за паўторнае парушэнне або за парушэнне з выкарыстаннем транспартнага сродку — 5 тысяч рублёў.
Паводле tass.ru