«Псковская губерния» паведаміла пра гібель роты дэсантнікаў ва Украіне

Газета «Псковская губерния», якая выдаецца мясцовым дэпутатам Львом Шлосбергам, апублікавала расшыфроўку размоваў двух меркаваных пскоўскіх дэсантнікаў, з якіх вынікае, што ў баях на тэрыторыі Украіны загінулі амаль усе салдаты 1-й роты 76 пскоўскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Расіі.



vdv_flag.jpg

Цяпер сайт газеты не даступны, але матэрыял па-ранейшаму даступны ў кэшы. Таксама фрагменты перамоваў публікуе Slon.ru.
Матэрыялы з расшыфроўкай перамоваў з'явіліся ў новым нумары газеты «Псковская губерния» 2 верасня. Выдаўцом газеты з'яўляецца Леў Шлосберг — дэпутат мясцовага заканадаўчага сходу ад партыі «Яблоко». На ўмовах ананімнасці яму перадалі запісы перамоваў вайскоўцаў гэтай дывізіі. «Псковская губерния» мяркуе, што няма падставаў для сумненняў у сапраўднасці прадстаўленых запісаў.
Згодна з перамовамі двух меркаваных салдат 76 пскоўскай дывізіі ПДВ, з усёй роты удалося выжыць толькі прыкладна дзесяці байцам — загінулі каля 70 салдат.
У ліку загінулых быў Леанід Кічаткін, чыя магіла была знойдзена на могілках у вёсцы Выбуты пад Псковам 25 жніўня. Па словах суразмоўцаў, колькасць загінулых магла быць і вышэй — да 140 чалавек — бо гаворка ішла не пра рэгулярныя падраздзяленні, а пра спецыяльна укамплектаваныя.
«Голас 2: Так пачакай, глядзі, б …, як цяпер вылічыць, хто жывы, хто мёртвы?
Голас 1: Спісы. Ну ў спісе там чалавек дзесяць нас засталося ў жывых. Засея вось я памятаю, калі мы з'язджалі адтуль, ехалі праз поле, я Засея бачыў. З 7-й ён або з 8-й. Яны ўсе разам з бою, яны ў другой роце былі»
Таксама з перамоваў вынікае, што 16 жніўня рота была перакінутая на тэрыторыю Украіны, дзе 20 жніўня пскоўскія дэсантнікі ліквідавалі блокпост украінскіх вайскоўцаў, а таксама групу бранятэхнікі.
Пазней каля населенага пункта Георгіеўка роту накрылі масіраваным артылерыйскім ударам. На думку аднаго з удзельнікаў перамоваў, гэта тлумачыцца тым, што ў раёне баёў працуе «амерыканская брыгада» радыёэлектроннай барацьбы.
Нагадаем, што ўвечары 29 жніўня на выдаўца газеты «Псковская губерния» Льва Шлосберга, якому перадалі запісы перамоваў, невядомыя здзейснілі напад. У выніку Шлосберг трапіў у лякарню са шматлікімі траўмамі. Сам дэпутат, а таксама лідар партыі «Яблык» Сяргей Мітрохін і заснавальнік партыі Грыгорый Яўлінскі звязалі напад з расследаваннем Шлосберга аб гібелі пскоўскіх дэсантнікаў. Па падазрэнні ў збіванні дэпутата былі затрыманыя тры чалавекі, але пазней паліцыя адпусціла падазраваных, спасылаючыся на паказанні сведак злачынства, якія пацвердзілі, што дэпутата збілі не гэтыя людзі.
tvrain.ru