Еўрасаюз рыхтуе санкцыі супраць Расіі, а НАТА — ўзмацняе войска

Аб’яднаная Еўропа і сусветная супольнасць спрабуюць адрэагаваць на расійскае ўварванне ва Украіну.



eu_russia2.jpg

Між тым, як Еўрапейскі саюз рыхтуе да пятніцы новы пакет эканамічных санкцый, ААН звяртае ўвагу на набліжэнне магчымай гуманітарнай катастрофы ў гэтай частцы еўрапейскага кантыненту.
Канчатковае рашэнне адносна далейшых эмбарга супраць Расіі будзе прынятае ў пятніцу, заяўляе будучы вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыкі, італьянка Федэрыка Магерыні. Цяпер Еўракамісія распрацоўвае ўзмацненне гэтых санкцый, у прыватнасці, накіраваных на абаронную сферу Расіі, тэхналогій падвойнага выкарыстання, а таксама ў расійскім фінансавым сектары.
Між тым, адкрыты неспакой агрэсіяй Расіі выказвае саюз НАТА. Там рыхтуюць новыя падраздзяленні, каб супрацьстаяць магчымай расійскай атацы. Базы, абсталяваныя найноўшым абсталяваннем і некалькімі тысячамі войска хуткага рэагавання, будуць размешчаныя ў цэнтральных і ўсходніх дзяржавах альянсу. Рашэнне па гэтым пытанні прымуць на саміце НАТА ў канцы тыдня.
Федэрыка Магерыні, усё яшчэ ў якасці італьянскага міністра замежных спраў заяўляе, што дзяржавам-саюзніцам, якія мяжуюць з Расіяй, павінны быць прадстаўленыя дадатковыя гарантыі бяспекі.
«Як па мне, то ёсць неабходнасць пераканацца ў тым, што ўсходнія краіны-сябры, якія падзяляюць межы з Расіяй, павінны быць упэўненыя, што 5-й пункт статута НАТА — гэта не толькі тэкст на паперы. Гэта важна і ёсць пэўныя крокі, якія саюз НАТА мае зрабіць для ўзмацнення бяспекі », — заявіла італьянскі міністар.
Згодна з 5-м пунктам Паўночнаатлантычнай дамовы, у выпадку нападу на адну з краін-саюзніц, яна можа разлічваць на ваенную падтрымку астатніх 27 дзяржаў-сябраў блоку.
Між тым, Масква ўчора адрэагавала на намеры НАТА, заяўляючы, што лідэры гэтай арганізацыі і ЗША працягваюць лінію эскалацыі напружання, а таксама паабяцала перагледзець сваю ваенную стратэгію ў дачыненні да Захаду.
Адначасова Вярхоўны камісарыят ААН па справах бежанцаў звярнуў увагу на тое, што ў выніку канфлікту на сёння ўжо налічваецца больш за паўмільёна ўцекачоў. 260 тысяч жыхароў з месцаў баявых дзеянняў пакінулі свае дамы і пераехалі ў іншыя рэгіёны Украіны. Такая ж колькасць, паводле звестак арганізацыі, з'ехала ў Расію. Вярхоўны камісар па справах бежанцаў Антоніа Гутэрас папярэджвае: калі не спыніцца канфлікт, то «гуманітарныя наступствы будуць катастрафічнымі» і «могуць дэстабілізаваць ўвесь рэгіён». Пры гэтым ён параўнаў сітуацыю ва Украіне з той, што склалася ў часе вайны на Балканах з 1992 па 1995 год.
svaboda.org