Прарасійскія баевікі на Данбасе абстралялі жылыя кварталы з «Граду». Ёсць параненыя і разбурэнні

У штабе Антытэрарыстычнай аперацыі паведамілі, што расійскія гібрыдныя сілы каля 17:00 абстралялі з рэактыўных сістэм залпавага агню населены пункт Новалуганскае ў Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

36812794_693c_48c5_b0c5_d5a83a87ea20_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpg

Кіраўнік вобласці Паўло Жабрыўскі заявіў пра 8 параненых цывільных жыхароў.
Абстрэл вёўся з акупаванай Горлаўкі. Пашкоджаныя 37 аднапавярховых і двухпавярховых дамоў, 10 пяціпавярховак. Акрамя таго, снарады трапілі ў школу, садок і мясцовую амбулаторыю. Палова населенага пункта абясточаная з-за пашкоджання ліній электраперадач, часткова пашкоджаны газаправод, дадалі вайскоўцы.
«Цяпер у Новалуганскім, вайсковыя медыкі, вайскоўцы, ратавальнікі і паліцыянты праводзяць шэраг першачарговых мераў па эвакуацыі параненых і пацярпелых мірных жыхароў. Раніцай, 19 снежня, у населеным пункце будзе разгорнуты гуманітарны штаб, пачнуць працу ваенныя палявыя кухні, пункты абагрэву», — гаворыцца ў паведамленні штабу.
Баевікі групоўкі «ДНР», са свайго боку, заявілі пра абстрэл падкантрольнай ім Горлаўкі Узброенымі сіламі Украіны і пра разбурэнні, выкліканыя абстрэлам — у прыватнасці, пашкоджанні будынка інтэрнату.Пра пацярпелых не паведамляецца.
У той жа час у групоўцы «ЛНР» абвінавацілі украінскіх вайскоўцаў у абстрэле Стаханава і Першамайску. Згодна з паведамленнямі, у Стаханава падчас абстрэлу ад сардэчнага прыступу памёр адзін чалавек, трое параненыя, у Першамайску — паранены адзін цывільны.
Згодна з дадзенымі спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, паводле стану на 10 лістапада з пачатку году з прычыны баявых дзеянняў на Данбасе пацярпелі 425 цывільных, з іх 39 дзяцей.
Канфлікт на Данбасе працягваецца з красавіка 2014 году. Расія неаднаразова адмаўляла ўдзел сваіх вайскоўцаў у канфлікце, пра што заяўляюць Украіна і Захад. Масква ж прызнае толькі прысутнасць расійскіх «добраахвотнікаў» на Данбасе.