Пракурор патрабуе пасадзіць Навальнага на шэсць гадоў і арыштаваць у залі суда
Пакаранне ў выглядзе шасці і пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу просіць пракурор для апазіцыйнага блогера Аляксея Навальнага і яго меркаванага саўдзельніка Пятра Афіцэрава за растрату маёмасці прадпрыемства «Кіраўлес».

Пра гэта сёння
заявіў дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Багданаў у Ленінскім судзе Кірава ў ходзе спрэчак бакоў, перадае ІТАР-ТАСС.
На яго думку, віна падсудных цалкам даказаная ў судовым разглядзе.
«Меру стрымання змяніць, узяўшы іх пад варту ў зале
суда», — сказаў пракурор.
Пракурор адзначыў, што фігуранты справы ўсведамлялі грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў.
Навальны, па словах дзяржабвінаваўцы, выступіў
арганізатарам здзяйснення злачынства, а другі фігурант справы Пётр Афіцэраў — саўдзельнікам. «Навальны ўсведамляў, што
лесапрадукцыя. прадастаўляецца ім па заніжаных цэнах», — цытуе пракурора
«Інтэрфакс».
Ён заявіў, што фігуранты ўступілі ў папярэднюю змову па ініцыятыве Навальнага, накіраваную на растрату маёмасці. Пракурор сказаў, што інкрымінуемае Навальнаму і Афіцэраву дзеянне небяспечна для грамадства. «Нічога новага ні ў спосабах, ні ў мэтах здзяйснення злачынства няма, толькі асоба падсуднага», — сказаў дзяржабвінаваўца.
Як адзначыў пракурор, грамадская дзейнасць
Навальнага стала прычынай мноства выказванняў, часта, на думку пракуратуры, неаб'ектыўных. «Няма нічога горш для правасуддзя, чым грамадская думка, якая
папярэднічае вынясенню рашэння», — сказаў пракурор.
«Мяркую,
што прапанаванае дзяржаўным абвінавачаннем пакаранне будзе справядлівым і суразмерным здзейсненаму злачынству, памеру нанесенай шкоды дзяржаўнаму прадпрыемству, а таксама адпавядаць мэтам і
задачам крымінальнай адказнасці і паслужыць урокам іншым для папярэджання адпаведных злачынстваў у будучым»,
—
сказаў Багданаў.
Прадстаўнік дэпартамента дзяржуласнасці Кіраўскай вобласці заявіў падчас спрэчак, што пацярпелыя па справе супраць Навальнага згодныя з тым, што яго віна па справе аб крадзяжах даказана падчас
судовага працэсу ў Кіраве.
Адвакат
Навальнага Вольга Міхайлава заявіла, што ў абвінавачвання «няма рэальных
доказаў і таму гэты працэс носіць палітычную мэту дыскрэдытаваць грамадскага дзеяча».
Міхайлава ўпэўненая, што ўсе дзеянні Навальнага былі строга ў рамках
яго службовых паўнамоцтваў. Яна нагадала паказанні
губернатара Мікіты Белых, які пацвердзіў, што рэальных паўнамоцтваў у Навальнага не было, толькі аналізаваць, вывучаць, падказваць, раіць. Таксама адвакат нагадала, што ў
«Кіраўлеса» на момант нібыта здзяйснення
злачынства былі страты ў 200 мільёнаў рублёў.
Адвакат заявіла, што «працэс па справе ў дачыненні да яе падабароннага
незаконны». «Разгляд
крымінальнай справы ў Ленінскім судзе горада Кірава наглядна пацвердзіў, што прад'яўленае Навальнаму абвінавачванне цалкам супярэчыць нормам дзеючага
заканадаўства»,
—
сказала яна.
Як сказала адвакат, бок абвінавачвання не прадставіў ніякіх канкрэтных доказаў, дзе, калі, каму, пры якіх абставінах Навальны даваў канкрэтныя ўказанні аб здзяйсненні злачынных
дзеянняў, і ў чым менавіта выявілася яго роля як арганізатара злачынства. Міхайлава лічыць, што доказы, даследаваныя ў ходзе працэсу,
пацвярджаюць, што факт злачынства не меў месца. «Так, у ходзе разгляду
не было прыведзена ні аднаго доказу, які пацвярджае пазіцыю абвінавачвання аб арганізацыі Навальным растраты»,
— сказала
яна.
Адвакатка звярнула ўвагу суддзі на тое, што абароне было адмоўлена ў правядзенні значных і важных экспертыз па справе, якія суд палічыў немэтазгоднымі. Пры гэтым, падкрэсліла
Міхайлава, «на падставе праведзеных экспертыз, раней
крымінальная справа ў дачыненні да Навальнага ўжо спынялася».
Сам Навальны падчас перапынку заявіў журналістам, што не здзіўлены выступам пракурора і чакае абвінаваўчага прысуду: «Я не здзіўлены, а што можна было яшчэ чакаць, думаю, дадуць гадоў пяць ці шэсць».
Паводле расійскіх СМІ