Польшча ўводзіць бясплатны праезд у грамадскім транспарце

Часткова або цалкам бясплатны грамадскі транспарт ужо ўкаранілі ў 50 польскіх гарадах, яшчэ дзесяць займаюцца ліквідацыяй квіткоў.

tramwaj_pesa_122n_w_lodzi.jpg


Некаторыя гарады ўвялі бясплатны праезд для ўсіх (Голенюв, Косьцежына, Любін, Польковіце, Томашув-Мазавецкі, Алену Гура), некаторыя — толькі для беспрацоўных (Жэшув, Радом, Гданьск, Красьнік), некаторыя — толькі для асобных маршрутаў (Жоры, Кельцэ, Легьоново, Лазіска-Гурне), некаторыя — для інвалідаў (Люблін), некаторыя — для моладзі да 22-х гадоў (Колобжег) і іншыя, перадае Радыё Польшча.

 

У Кракаве, напрыклад, згодна з рашэннем гарадскога савета, з новага навучальнага года вучні малодшых класаў будуць ездзіць на аўтобусах і трамваях бясплатна. Нягледзячы на тое, што гораду штогод гэта будзе каштаваць 2,7 млн. злотых (амаль 640.000 еўра), дэпутаты хочуць, каб у наступным годзе падобныя ільготы ахапілі таксама вучняў гімназій. Акрамя гэтага, вадзіцелі аўтамабіляў у дні, калі над горадам зэяўляецца смог, могуць (з пасведчаннем кіроўцы) бясплатна карыстацца грамадскім транспартам.

 

Эксперты лічаць, што ліквідацыя квіткоў, з аднаго боку, гэта добрая ідэя, таму што яна папулярызуе танны і больш экалагічны грамадскі транспарт, але гэта выгадна толькі для малых гарадоў. У вялікіх гэта можа быць эканамічна неапраўдана, паколькі пасля ўвядзення бясплатнага праезду, можа рэзка вырасці колькасць пасажыраў, што можа прывесці да неабходнасці павелічэння аўтапарка.

 

«Грамадскі транспарт павінен быць сучасным і прывабным, каб пераканаць жыхароў менш карыстацца аўтамабілем. Але, калі транспарт стане бясплатным, гэта запатрабуе вялікіх грашовых укладанняў у інфраструктуру, што вельмі нялёгка прафінансаваць», — адзначае супрацоўнік партала transport-publiczny Якуб Клімкевіч.