Польшча плануе зняць абмежаванні на выдачу віз беларусам
Польшча плануе зноў аднавіць парадак выдачы віз беларусам, які дзейнічаў да пачатку андэміі COVID-19 . Пра гэта паведаміў кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра нашай заходняй суседкі Міхал Дворчык у эфіры тэлеканала Polsat.
Міхал Дворчык распавёў, што кіраўніком польскага ўрада прынятая пастанова аб аднаўленні звычайнай працы амбасады і консульстваў у Беларусі, дзе ў сувязі з каранавірусам былі ўведзеныя некаторыя абмежаванні.
— Мы распрацоўваем праграмы дапамогі нашым усходнім суседзям. Учора прэм'ер прыняў рашэнне аб аднаўленні нармальнай працы консульстваў і выдачы віз. Дагэтуль яны выдаваліся толькі людзям, якія прыехалі ў Польшчу са службовымі або гуманітарнымі мэтамі. З заўтрашняга дня консульства змогуць спрасціць выдачу віз беларусам, — заявіў чыноўнік.
Дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Аркадыуш Клембек распавёў TUT.BY, што на гэты момант змены ў працы польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у нашай краіне не анансаваныя.
— Гэтыя заявы (Міхала Дворчыка — заўв. TUT.BY) былі зробленыя літаральна толькі што, таму консульскі аддзел пакуль працуе ў звычайным рэжыме. Мы чакаем юрыдычнага рэгулявання, якое дазволіць нашым консулам выканаць палітычныя дэкларацыі. Я магу абяцаць, што ўся актуальная інфармацыя аб змене ў працы адразу будзе размешчаная на нашым сайце і ў сацсетках.
Да нядаўняга часу з-за пандэміі былі ўведзеныя абмежаванні на ўезд у Польшчу. Прыбыць туды з Беларусі маглі студэнты польскіх навучальных устаноў, кіроўцы-міжнароднікі, уладальнікі карты паляка, а таксама нашы суайчыннікі, якія накіроўваюцца на працу (з адпаведным дазволам, заявай аб даручэнні выканання работы або дазволам на сезонную працу, унесеным у рэестр).
Паводле tut.by