Польшча. Памежнікі не далі амаль 300 мігрантам трапіць у краіну з Беларусі
Міністр абароны Польшчы паведаміў, што на польска-беларускай мяжы ўжо пабудавана 50 кіламетраў плота.
З учарашняга дня польскія памежнікі спынілі амаль 300 спроб незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Затрыманыя трое нелегальных мігрантаў — усе грамадзяне Ірака.
Прэсавая сакратарка Памежнай варты Польшчы Анна Міхальска паведаміла, што за мінулыя суткі зафіксавана рэкордная колькасць спроб нелегальна трапіць у Польшчу. Памежнікі таксама затрымалі 10 замежных грамадзян, якія з польскага боку намагаліся паспрыяць мігрантам нелегальна перайсці дзяржаўную мяжу.
— Супраць гэтых іншаземцаў распачата справа па факце аказання дапамогі ў нелегальным перасячэнні мяжы. Таксама ў дачыненні да гэтых людзей распачаты адміністрацыйны працэс аб экстрадыцыі з Польшчы, а таксама іншых краін Шэнгенскай зоны.
Сёння міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што на польска-беларускай мяжы ўжо пабудавана 50 кіламетраў плота. Польшча ўвяла ў памежнай зоне надзвычайнае становішча, якое дзейнічае ўжо тыдзень.