Парашэнка і Пуцін дамовіліся ў Нармандыі аб пачатку перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва ўсходняй Украіне
Новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка дамовіўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пра візіт у Кіеў прадстаўніка РФ для правядзення перамоў па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.
Паводле слоў Парашэнкі, якія прыводзіць УНІАН, перамовы пачнуцца ўжо 8 чэрвеня.
Парашэнка назваў вельмі сімвалічным, што яго першая сустрэча з Пуціным адбылася падчас святкавання сімвала адзінства ўсёй Еўропы ў барацьбе за мір. 6 чэрвеня лідары еўрапейскіх краін і ЗША сабраліся
ў Нармандыі для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя з дня адкрыцця другога фронту. Парашэнка падкрэсліў, што гэта сустрэча была арганізавана прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, канцлерам ФРГ
Ангелай Меркель пры садзейнічанні прэзідэнта ЗША Барака Абамы.
Пётр Парашэнка адзначыў, што кароткая сустрэча праходзіла ў чатырохбаковым фармаце: Францыя, Германія, Расія і Украіна. "Мы абмеркавалі першыя крокі па ўрэгуляванні сітуацыі і план, які быў
прапанаваны мной, прэзідэнтам Украіны, у якім прадугледжаны захады, што павінны быць зроблены з боку Расійскай Федэрацыі, што павінны быць зроблены з боку Украіны. Папярэдне мы бачым, што можам мець
добрыя шансы на рэалізацыю", — сказаў Парашэнка.
Ён падкрэсліў, што атмасфера падчас перамоў была вельмі напружанай, але, нягледзячы на гэта, з'яўляецца добрым фактам тое, што дыялог пачаўся.
Акрамя таго, Парашэнка паведаміў пра дамоўленасць, што найбліжэйшым часам павінна прагучаць заява Расіі аб прызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Астатнія дамоўленасці па рашэнні бакоў
пакуль не абнародуюць
.
"Усе пытанні былі няпростымі, у тым ліку няпростай была рэакцыя на пастаўленае мной пытанне аб вяртанні Крыма", — сказаў Парашэнка.
Як заявіў міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус, падчас перамоў з Аландам Пуцін прызнаў, што мае некаторы ўплыў на тэрарыстаў, якія дзейнічаюць на ўсходзе Украіны.
Інаўгурацыя новага прэзідэнта Украіны пройдзе 7 чэрвеня.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН