Памёр колішні прэм’ер Польшчы Тадэвуш Мазавецкі
У Варшаве ў веку 86 гадоў памёр былы прэм’ер-міністр Польшчы Тадэвуш Мазавецкі. Тадэвуш Мазавецкі нарадзіўся 18 красавіка 1927 года ў Плоцку. У камуністычныя часы дзейнічаў у каталіцкіх інтэлектуальных асяродках і ў дэмакратычнай апазіцыі.
Тадэвуш Мазавецкі вывучаў права ў Варшаўскім універсітэце.
У 1957 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў Варшаўскага клуба каталіцкай інтэлігенцыі, быў дарадцам «Салідарнасці», дэпутатам Сейма, у часе ваеннага
становішча ў Польшчы — інтэрнаваны.
Мазавецкі стаўся першым некамуністычным прэм’ерам Польшчы з 1945 года. У 1989 годзе ён прыняў удзел у «круглым стале» — перамовах апазіцыі з камуністычнымі ўладамі, пасля выбараў 4 чэрвеня 1989 і падзення камунізму Мазавецкі стаў прэм’ер-міністрам.
Ягоны ўрад за кароткі час зрабіў ключавыя рэформы па пераўтварэнні Польшчы з сацыялістычнай у дэмакратычную рынкавую краіну.
У 1991-2001 гадах быў сябрам парламента, у 1992–1995 гадах быў вядомы міжнароднай грамадскасці ў якасці спецыяльнага дакладчыка па канфлікту
ў колішняй Югаславіі, прызначанага ААН.
Шушкевіч: «Польшча страціла свайго вялікага сына»
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў «Свабодзе», што смуткуе з нагоды смерці Тадэвуша Мазавецкага:
«Я добра ведаў гэтага чалавека асабіста, не адзін раз з ім сустракаўся як з першым кіраўніком ураду свабоднай Польшчы, як з чалавекам, які прапанаваў “круглы стол”, з чалавекам, які зразумеў, хто такі Валэнса, з якім ён сумесна дзейнічаў.
Гэта быў цудоўны разумны палітык, ён зразумеў, хто такі Бальцаровіч, пры ім Польшча пайшла па добрым шляху, сёння мы бачым добры вынік гэтага. Тое, што зрабіў для Польшчы Мазавецкі, мала каму яшчэ ўдалося. Ягоны спакой і дасведчанасць, ягонае разуменне, што такое камуністычны лад, дазволілі многага дасягнуць. Польшча страціла свайго вялікага сына».