Лёс салдата Мушынскага
Яўген Мушынскі — самы малады салдат 1-й дывізіі пяхоты Народнага Войска Польскага імя Тадэвуша Касцюшкі. Лёс гэтага чалавека варты экранізацыі ў мастацкім кіно. Лагер смерці, Варшаўскае паўстанне, палітычныя рэпрэссіі.
Яўген Мушынскі, кастрычнік 2013 года. Фота Ігара Мельнікава
З ЗША ў Трэці Рэйх
Нарадзіўся Яўген 23 мая 1935 года ў мястэчку Варшава, якое знаходзіцца ў ЗША (штат Індзіяна). Яго бацька быў навукоўцам і займаўся вывучэннем эміграцыйных працэсаў пасля Першай Сусветнай вайны з Еўропы ў Злучаныя Штаты. Дарэчы, як адзначыў ў размове сам спадар Яўген, яго хрысцілі ў касцёле Графтва Касцюшкі (ёсць ў ЗША такое). Напрыканцы 1938 года разам з бацькамі Яўген прыехаў ў Кёнігсберг (Усходняя Пруссія), дзе сям’я мела буйныя зямельныя ўладанні.
Хутка за грамадзянамі ЗША пачало сачыць гестапа. У кастрычніку 1941 года Мушынскія былі арыштаваны і хутка за «дзяржаўную здраду» былі пакараны. Яўген да канца вайны не ведаў пра сумны лёс сваіх бацькоў. Хлопца накіравалі ў адзін з цэнтраў «Лебенсборн» у Бад-Польцын. Перад гэтым ён прайшоў медыцынскі агляд, пры якім нацысцкія ўрачы дакладна вывучылі яго антрапаметрычныя дадзеныя.
У Аўшвіцы
У цэнтрах «Лебенсборн» было шмат дзяцей з акупаваных Польшчы і Саветскага Саюзу. Іх выхоўвалі ў германскім духу прымушаючы забыць сваіх блізкіх.
Цэнтр «Лебенсборн»
«Нямецкую мову я ведаў добра таму мая германізацыя заключалася ў выхаванні ў мяне адданасці фюрэру, нацысцкай партыі і Рэйху», — адзначае спадар Мушынскі.
Хлопец двойчы спрабаваў збегчы, аднак яго лавілі і накіроўвалі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц (Асвенцым).
«Гэта быў іншы свет. Эсэсаўцы здзекваліся над вязнямі, білі іх кіямі. Ночы былі найбольш цяжкім часам, бо менавіта тады шматлікія вязні схадзілі з розуму», — расказвае спадар Мушынскі.
Лекі, якія тэставалі на Яўгене
Найбольш жудасным была сустрэча з доктарам Ёзафам Менгеле. Знешне гэты злачынца здаваўся вельмі прыемнай асобай. Дарыў дзецям цукеркі і цацкі, а пазней здзекваўся над імі. Аднойчы ён сшыў спінамі дзвюх малалетніх ахвяр, каб даследаваць, ці магчыма такім чынам зрабіць сіямскіх блізнят. На самім Яўгене тэставалі дзейнасць новай вакцыны ад тыфу. Пазней хлопец працаваў на адной з фабрык канцэрну «ІГ Фарбен».
Варшаўскае паўстанне
У траўні 1944 года Мушынскі быў вызвалены з лагеру. У прыватнай размове палкоўнік прызнаўся, што да сённяшняга дня дакладна не ведае, што паўплывала на рашэнне аб яго вызваленні.
Яўген Мушынскі, салдат 1-й дывізіі пяхоты Народнага Войска Польскага імя Тадэвуша Касцюшкі
«Дакладна ведаю, што невядомыя людзі некалькі разоў звярталіся да кіраўніцтва фабрыкі, дзе я працаваў, з просьбай дазволіць мне пакінуць гэтае месца», — адзначае спадар Яўген.
Магчыма ў справу ўмешаліся знаёмыя бацькоў Мушынскага. Не выключана, што ад смерці ў газавай камеры хлопца ўратавала тое, што ён нарадзіўся ў ЗША. Вайна падыходзіла да заканчэння і нацысты шукалі патрэбныя кантакты для ратавання сваіх жыццяў.
Як бы тое не было, хутка Яўген аказаўся ў Варшаве, а праз некалькі месяцаў пачалося паўстанне. 9-ці гадовы хлопец стаў сувязным Арміі Краёвай і меў псеўданім «Жук». «Падчас знаходжання ў лагеры я «прызвычаіўся» да выгляду мёртвых цел. Але тут было ўсё па-іншаму. Былі забітыя. Аднак пасля выбуху людзей разрывала на кавалкі і іх вантробы ляжалі на барыкадах. Сітуацыя ўскладнялася тым, што пад сонцам ўсё гэта пачынала псавацца. Да гэтага дадаваўся смурод падпаленых цел, які я памятаў яшчэ з часоў побыту ў Аўшвіцэ», — успамінае палкоўнік Мушынскі.
Пасведчанне на «Крыж мужных»
Пасведачанне на медаль Одэр Нейсэ
Яўген, які вельмі добра валодаў нямецкай мовай, удзельнічаў у допытах салдат вермахта, узятых паўстанцамі ў палон. Падчас адной з найбольш моцных атак немцаў на Стары горад хлопец…знішчыў нямецкі танк. Хлопцу ўдалося незаўважна падабрацца да «тыгра» і кінуць ў яго «Кактэйль Молатава». 14 жніўня 1944 года за гэты гераічны ўчынак Яўген Мушынскі быў узнагароджаны «Крыжом мужных».
Самы малады «касцюшкавец»
Напрыканцы паўстання Яўген разам з іншымі байцамі АК паспрабаваў уратавацца і пераплыў Віслу. На ўсходнім берагу ракі яго сустрэлі салдаты 1-й дывізіі Народнага Войска Польскага імя Тадэвуша Касцюшкі. Хутка былы паўстанец стаў салдатам 3-га пяхотнага палку «касцюшкаўскай» дывізіі.
У студзені-лютым 1945 года дывізія брала ўдзел у баях на Паморскім валу. «Да нас тады дайшла жудасная навіна. Латышскія фарміраванні СС жыўцом спалілі 35 палонных польскіх жаўнераў з 3-га палку. Жаўнеры-касцюшкаўцы жадалі адпомсціць ворагу за гэта. Не гледзячы на супраціў нацыстаў нашыя часткі хутка ішлі наперад. Я асабіста прымаў удзел у баі за вёску Петцнік. Падчас допыту палонных немцаў я заўважыў, што гэта ўжо не тыя бравыя эсэсманы, якіх я бачыў у Аўшвіцы. Яны ўсяго баяліся і жадалі любым коштам уратаваць свае жыццё”, — расказвае Мушынскі. Паступова Яўген стаў сваістым талісманам 3-га палку. Яго шанавалі і радавыя і афіцэры.
У канцы красавіка 1945 года дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі ўдзельнічала ў баях з нямецкімі войскамі ў Шарлотенбургу. Узброены вінтоўкай Мосіна з аптычным прыцэлам Мушынскі разам з дарослымі жаўнерамі прымаў удзел у штурме Берліна. 2 мая 1945 года 3-ці польскі пяхотны полк ля Брандэнбурскай брамы спалучыўся з часткамі 8-й савецкай гвардэйскай дывізіі.
Падзяка Сталіна за штурм Берліна
Падчас баёў ў Берліне капрал Яўген Мушынскі не аднойчы твар у твар сустракаўся з такімі ж як ён дзецьмі — салдатамі вермахту, членамі «Гітлерюгенд». «У Тіргартэне я параніў аднаго такога. Гэта быў зусім малады хлопец. Я падыйшоў да яго, трымаючы ППШ перад сабой, а ён раптам заплакаў і крычыць: «Не забівай мяне!». Я не збіраўся ў яго страляць. Праз хвілінку да яго падыйшлі нашыя санітары і пачалі апрацоўваць рану. Хлопцы з «Гітлерюгенд» былі сапраўднымі фанатыкамі. Схаваўшыся ў каналізацыі, рвах, яны стралялі нам у спіны. Менавіта з-за такіх смаркачоў загінула шмат жаўнераў-касцюшкаўцаў. Гэтыя салдаты прайшлі ўсю вайну і загінулі ад рук дзяцей”, — разказвае палкоўнік.
Яўген Мушынскі ў Берліне
Ахвяра палітычных рэпрэсій
Пасля заканчэння баявых дзеянняў Яўгену Мушынскаму назначылі апекуна. Ім стаў польскі паручнік Станіслаў Адамчук, які, не гледзячы на свій малады ўзрост (вайскоўцу было каля 35 гадоў) паспеў паслужыць яшчэ ў даваенным Войску Польскім. У 1948 годзе гэты чалавек быў арыштаваны супрацоўнікамі Міністэрства бяспекі — польскага аналага савецкага НКУС. Разам з апекуном быў арыштаваны і Яўген.
«Я не разумеў, што адбываецца. Не за доўга да арышту мяне ўзнагародзілі медалём «Заслужаны на поле бітвы». Узнагароду ўручыў камандзір дывізіі. І тут такое», — кажа палкоўнік Мушынскі. Хлопца білі, дапытвалі наконт яго апекуна, пыталі з якой «лясной бандай» яны супрацоўнічалі. Галоўным абвінавачваннем была служба ў Арміі Краёвай падчас Варшаўскага паўстання.
Жах следства працягваўся амаль два гады. Аднойчы Яўгену ўдалося перадаць праз ахоўніка ліст, адрасаваны савецкім афіцэрам, з якімі падчас вайны ён разам удзельнічаў у выведцы. 19 снежня 1948 года Мушынскага выклікалі з камеры з рэчамі і паінфармавалі, што ён вызвалены. На развітанне, адзін з афіцэраў падыйшоў да хлопца і ціха сказаў: «Не пішыце больш скаргаў у Маскву».
«А ведаеце, тыя савецкія афіцэры, якія мне дапамаглі, былі беларусамі. Адзін хіба з-пад Мінска. Яны мне на развітанне сказалі, Яўген, трымай адрас, калі будуць у цябе нейкія праблемы, напішы. Вось я і напісаў. І беларусы мяне выратавалі», — усміхаецца палкоўнік.
Пазней Яўген скончыў школу, універсітэт. У Войску Польскім ён даслужыўся да звання палкоўніка, абараніў дысертацыю ў галіне псіхіатрыі. Зараз спадар Мушынскі актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, выступае з лекцыямі перад моладзю.
Яўген Мушынскі і яго гісторыя