Паломнікаў, якія загінулі ў Мецы, пахаваюць у безыменных магілах
Усе людзі, якія загінулі пры падзенні вежавага крана на галоўную мячэць у Мецы 11 верасня, будуць пахаваныя ў безыменных магілах.
Такое рашэнне было прынята мясцовай адміністрацыяй, бо «мусульмане вераць, што душы памерлых падчас паломніцтва трапляюць адразу ў рай», паведамляе РСН са спасылкай на мясцовыя ўлады.
Па апошніх дадзеных, ахвярамі трагедыі сталі 107 чалавек, яшчэ 230 пацярпелі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, кран абрынуўся на мячэць з-за моцнага ветру — у гэтыя дні на Аравійскім паўвостраве бушуе пяшчаная бура.
У гэты ж час Мека рыхтуецца да хаджу, які пройдзе з 21 па 26 верасня. Чакаецца, што на яго прыбудуць некалькі сотняў тысяч паломнікаў.
Вялікая колькасць народу ў Мецы падчас хаджу не раз прыводзіла да трагедый. Так, у 2006 годзе ў цісканіне там загінулі амаль 350 чалавек.