Палякі развіталіся з Т. Мазавецкім
Пахаванне былога кіраўніка польскага ўраду адбудзецца сёння, 3 лістапада.
Тысячы людзей прыйшлі, каб аддаць пашану Тадэвушу Мазавецкаму. 2 лістапада труна з целам памерлага палітыка была выстаўленая ў капліцы Прэзідэнцкага палацу.
Першымі перад ёй пакланіліся прэзідэнт Браніслаў Камароўскі з жонкай Аннай. Жыхары Варшавы прыходзілі на Кракаўскае прадмесце, каб пабачыць ахунутую ў бел-чырвоны сцяг труну і ўпісацца ў кнігу спачуванняў. Ганаровую варту ля труны былога кіраўніка польскага ўраду неслі жаўнеры і скаўты.
Нагадаем, першы некамуністычны прэм’ер-міністр пасляваеннай Польшчы Тадэвуш Мазавецкі памёр у мінулы панядзелак. Палітык будзе пахаваны 3 лістапада на могілках у Лясках пад Варшавай. У дзень пахавання ў Польшчы абвешчаная нацыянальная жалоба.