Новым кіраўніком каталіцкай царквы абраны аргенцінец Хорхе Марыа Берголья

76-гадовы аргенцінскі кардынал з італьянскімі каранямі Хорхе Марыа Берголья стаў новым кіраўніком рымска-каталіцкай царквы. Ён выбраў сабе імя Францыск I.



122427.jpg

266-ы пантыфік абраны з трэцяга разу на канклаве з удзелам 115 кардыналаў-выбаршчыкаў. Новы папа рымскі лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала не менш як дзве траціны ўдзельнікаў канклава.
 


Берголья нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе 17 снежня 1936 года, у сям'і італьянскага эмігранта, чыгуначнага рабочага. Малодшы з пяці дзяцей. Атрымаў дыплом тэхніка ў хіміі. Вучыўся ў семінарыі Віла Дэвота ў Буэнас-Айрэсе. Выкладаў літаратуру, філасофію і тэалогію ў трох каталіцкіх каледжах сталіцы Аргенціны. Свабодна размаўляе на італьянскай і нямецкай мовах. З лютага 1998 года — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і прымас Аргенціны. З лютага 2001 года — кардынал.


Прадстаўнікі рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі не ўдзельнічалі ў выбарах пантыфіка з-за таго, што ў краіне няма адказнага кардынала. Адзіным беларускім кардыналам сучаснасці быў першы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Казімір Свёнтак, які памёр у ліпені 2011 года.


Ранейшы кіраўнік каталіцкай царквы 85-гадовы Бенедыкт XVI (Ёзэф Ратцынгер, Германія) афіцыйна аб'явіў пра сваё рашэнне пакінуць папскае служэнне 11 лютага. 28 лютага ён афіцыйна адмовіўся ад пасады папы рымскага, пасля чаго ў Ватыкане быў аб'яўлены рэжым вакантнага прастолу. Ужо на наступны дзень, 1 сакавіка, кардыналам было выслана запрашэнне на кангрэгацыю для вызначэння даты канклава. Паведамлялася, што новы пантыфік павінен быць абраны не пазней за 31 сакавіка — у гэты дзень 2013 года святкуюць каталіцкі Вялікдзень.
 


Паводле некаторых звестак, Берголья быў галоўным сапернікам Ратцынгера на выбарах папярэдняга папы рымскага ў 2005 годзе.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН