Нашто ў Аргенціну масава пацягнуліся цяжарныя расіянкі?
Днямі з’явіліся інфармацыя, што ўлады Аргенціны затрымалі ў аэрапорце Буэнас-Айрэса цяжарных расіянкак. Праўда, праз нейкі час затрыманым усё ж дазволілі ўезд у Аргенціну.
Улады Аргенціны заявілі, што ў краіну за некалькі месяцаў заехалі 5819 цяжарных расіянак. Супраць тых, хто іх прывозіць, распачата расследаванне, піша «Настоящее Время»
"У апошнія некалькі месяцаў у Аргенціну заехалі 5819 цяжарных расіянак", — заявіла ў пятніцу кіраўнік аргенцінскай міграцыйнай службы Фларэнцыя Карыньяна, першы раз публічна пракаментаваўшы масавы прыезд у краіну расіянак, якія з 2022 года масава едуць у краіну нараджаць дзяцей дзеля таго, каб атрымаць аргенцінскі пашпарт. Ён, у адрозненне ад расійскага, дае права ўязджаць без візы ў 171 краіну, уключаючы ЕС, і прэтэндаваць на дзесяцігадовую візу ў ЗША.
Карыньяна прыйшлося даць каментар пасля таго, як шэсць цяжарных жанчын з Расіі затрымалі ў міжнародным аэрапорце Буэнас-Айрэса Эсейса. Міграцыйная служба западозрыла, што жанчыны прыехалі ў Аргенціну зусім не дзеля турызму, як яны заявілі памежнікам.
"Мы бачым, што ў іх няма зваротнага квітка і што яны не могуць растлумачыць, што менавіта яны збіраюцца наведваць, знаходзячыся на 33-м тыдні цяжарнасці, калі займацца турызмам крыху праблематычна", — патлумачыла дзеянні ўладаў Фларэнцыя Карыньяна. У ноч на суботу ўсім шасцярым затрыманым жанчынам дазволілі ўехаць на тэрыторыю Аргенціны па "гуманітарных прычынах". Такое рашэнне прыняў суд.
Па словах кіраўніка міграцыйнай службы, паток цяжарных расіянак пачаў рэзка нарастаць у жніўні 2022 года. Цяпер у краіну штодня заязджае па некалькі дзясяткаў жанчын з Расіі. Як распавяла Фларэнцыя Карыньяна, 9 лютага толькі на адным вячэрнім рэйсе "Эфіёпскіх авіяліній" у Аргенціну прыляцелі 33 расійскія грамадзянкі на позніх тэрмінах цяжарнасці.
Мясцовыя ўлады не бачаць нічога незаконнага ў тым, каб замежнікі прыязджалі ў краіну нараджаць дзяцей. Расіяне падманваюць міграцыйную службу, кажучы, што прыляцелі з мэтай турызму. Акрамя таго, напярэдадні ўвечары федэральная паліцыя праверыла 30 адрасоў у Буэнас-Айрэсе, у тым ліку гатэляў і кватэр, якія грамадзяне Расіі паказалі ў сваіх дэкларацыях па прыбыцці. Толькі па васьмі адрасах з трыццаці рэальна жылі людзі — астатнія аказаліся фэйкавымі. Кіраўнік міграцыйнай службы рэкамендавала цяжарным расіянкам перад паездкай у Аргенціну наведаць консульства краіны і папрасіць для гэтага спецыяльную візу.
Таксама ў пятніцу, 10 лютага, аргенцінскі суд пачаў расследаванне супраць "мафіёзнай сеткі" (так напісана ў дакументах суда), якая займаецца тым, што за грошы прывозіць у краіну цяжарных расіянак, а потым, як мяркуецца, выкарыстоўваючы карупцыю, дапамагае ім максімальна хутка атрымаць аргенцінскае грамадзянства. Мясцовыя СМІ паведамляюць мінімум аб адным ператрусе кватэры, які ўжо прайшоў па гэтай справе.
Паводле закону, любое дзіця, народжанае ў Аргенціне, аўтаматычна атрымлівае грамадзянства краіны, а яго бацькі могуць амаль адразу прэтэндаваць на ПМЖ, а потым і падаваць заяву на грамадзянства.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў Буэнас-Айрэсе як грыбы сталі з'яўляцца розныя "агенцтвы", у асноўным створаныя больш раннімі рускамоўнымі імігрантамі, якія прапануюць "суправаджэнне цяжарнасці" і дапамогу ў афармленні дакументаў на ПМЖ і грамадзянства. Кошт іх паслуг — ад 2 тысяч да 15 тысяч долараў.