На Канскім фестывалі правялі акцыю ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра Сянцова, якога захапілі і трымаюць ў Расіі

Падчас прагляду фільмаў-удзельнікаў Канскага кінафестывалю дэманстраваўся фотаздымак украінскага рэжысёра Алега Сянцова са словамі «Свабоду Алегу Сянцову». 



free_oleg_sentsov.jpg

Патрабаванне адрасавалася расійскім уладам, якія незаконна захапілі ў Крыме рэжысёра і цяпер збіраюцца судзіць яго паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы тэракту.
Акцыя салідарнасці з Алегам Сянцовым праходзіць на фестывалі ў межах праграмы «Двухтыднёвік рэжысёраў», якую арганізавалі Еўрапейская кінаакадэмія і Гільдыя францускіх кінематаграфістаў. 
На адкрыцці праграмы прэзідэнты Гільдыі Сэлін Ск’яма і П’ер Салаворы агучылі зварот у падтрымку Алега Сянцова. 
«Я належу да міжнароднай супольнасці рэжысёраў і ў сувязі з гэтым прашу прэзідэнта Пуціна вызваліць аднаго з нас — украінскага рэжысёра Алега Сянцова, якога абвінавачваюць ў „падрыхтоўцы тэрактаў“, што ён катэгарычна адмаўляе. Яму пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення. Разам з усімі рэжысёрамі, якія падпісалі гэты зварот, я асуджаю спробу судзіць за прыдуманае злачынства. Агрэсія супраць Алега Сянцова — гэта агрэсія супраць усіх рэжысёраў па ўсім свеце».
Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме супрацоўнікамі ФСБ Расіі ў маі 2014 году. З тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Сімферопалі, Ялце і Севастопалі з мэтай дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі на паўвостраве.
Адвакат Сянцова заяўляў, што ў крымскім СІЗА яго катавалі. Рэжысёр віну не прызнае. Акрамя яго, па гэтай справе арыштаваныя яшчэ тры чалавекі.
Вызваліць Сянцова заклікаюць многія яго калегі і праваабаронцы, якія лічаць яго палітычным зняволеным. На іх думку, абвінавачванні супраць Сянцова сфабрыкаваныя, а рэжысёр быў затрыманы за сваю грамадзянскую пазіцыю. Сянцоў — актыўны ўдзельнік Еўрамайдану.
svaboda.org