На Сіцыліі затрыманая брыгада «пажарных-падпальшчыкаў»
Італьянскія паліцэйскія на поўдні Сіцыліі затрымалі 15 пажарных-валанцёраў, якіх абвінавацілі ў падпалах лясоў. Паводле следства, яны спецыяльна ладзілі падпалы ў лясах, каб потым атрымліваць грошы за іх тушэнне.
Затрыманыя пажарныя працавалі ў якасці дадатковай брыгады. Паводле версіі паліцыі, пасля таго, як меркаваныя ашуканцы ладзілі падпал, яны ці іх сваякі тэлефанавалі на экстраны нумар 115.
Нягледзячы на статус валанцёраў, пажарныя атрымлівалі за кожную гадзіну працы па 10 еўра. Улады звярнулі на іх увагу пасля таго, як высветлілася, што колькасць пажараў, на якія выязджала брыгада, прыкладна ў тры разы перавышала сярэднюю колькасць выездаў па краіне.
Лідар брыгады, пазначаны ў рапарце паліцыі толькі абрэвіятурай DDV, часам прапускаў свае змены для таго, каб ладзіць пажары. Падчас дзяжурства ён выязджаў са станцыі, ладзіў падпал і вяртаўся, каб дачакацца выкліку. Зараз DDV знаходзіцца пад хатнім арыштам, паведамляе “Guardian” са спасылкай на рапарт паліцэйскіх.
Нагадаем, Еўропа цяпер сутыкнулася з анамальнай спякотай — на мінулым тыдні ў шэрагу краін поўдня Еўропы тэмпература паветра дасягнула адзнакі ў 44 градусы па Цэльсіі.
Некалькі краін выпусцілі афіцыйную перасцярогу аб анамальнай спякоце і заклікалі людзей не выходзіць па магчымасці на вуліцу ў дзённыя гадзіны і піць больш вады.
Незвычайна высокія тэмпературы ў Італіі — на 10 градусаў вышэй звычайных — выклікалі лясныя пажары; у некаторых рэгіёнах ёсць небяспека засухі.
Па меншай меры, два чалавекі памерлі — у Румыніі і Польшчы, а дзясяткі па ўсёй Еўропе трапілі ў бальніцы з цеплавымі і сонечнымі ўдарамі і іншымі, звязанымі з спякотай, станамі.
Паводле ВВС