На Яўгена Кісялёва завялі справу пра заклікі да тэрарызму

На журналіста Яўгена Кісялёва завялі крымінальную справу пра заклікі да тэрарызму. Як заявіў сам Кісялёў, справа заведзеная па артыкуле 205.2 КК РФ («Публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму»).

234951954.jpg


Сам ён нагоду для распачынання справы апісвае так: «Выказаўся ў падтрымку Надзеі Саўчанка, калі яна яшчэ ў палоне была. У адказ на пытанне аднаго ўкраінскага СМІ, ці ўсё робяць улады Украіны для яе вызвалення, сказаў, што маглі б і больш жорстка дзейнічаць - гэтак жа сама, як расейскія ўлады паводзілі сябе ва ўсёй гэтай гісторыі. Вось і прыляцела "абратка"».
Па словах Яўгена Кісялёва, дома ў яго цешчы, дзе ён зарэгістраваны, правялі ператрус. Яго жонку выклікалі на допыт.
«Зразумела, навошта гэта робіцца. Правялі акцыю запалохвання. Хочуць дастаць мяне праз родных. Пачаць аказваць на іх псіхалагічны ціск, «кашмарыць», ствараць усялякія праблемы. Вунь, жонку ўжо палохаюць прымусовым прыводам на допыт, хоць на допыце яна ўжо была і скарысталася артыкулам 51-м Канстытуцыі», — напісаў Кісялёў на сайце «Эхо Москвы».
Яўген Кісялёў з 2008 года жыве на Украіне. Да красавіка 2016 года ён працаваў на тэлеканале «Інтэр», але звольніўся, бо ў яго «наспела патрэба заняцца новым праектам у галіне незалежнай палітычнай журналістыкі». Кісялёў сцвярджае, што за апошнія тры гады ні разу не быў у Расіі.
У канцы 1990-х і пачатку 2000-х Яўген Кісялёў узначальваў расійскі тэлеканал НТВ.
Паводле Meduza