МЗС Германіі: калі Крым увойдзе ў склад РФ, Еўропа павінна будзе адрэагаваць
Еўропа не імкнецца да канфрантацыі з Расіяй, аднак павінна будзе адрэагаваць, калі Крым будзе далучаны да РФ.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, перадае ІТАР-ТАСС.
"Мы, як сябры Еўрапейскага саюза, усе разам заяўляем, што выхад Крыму са складу Украіны стаў бы непрымальным, з пункту гледжання міжнароднага права, і запатрабаваў бы рэакцыі", — заявіў Штайнмаер.
Кіраўнік германскай дыпламатыі па выніках сустрэч з кіраўніцтвам Эстоніі, Латвіі і Літвы, падкрэсліў, што еўрапейскія дзяржавы будуць працаваць над пошукам дыпламатычных магчымасцяў урэгулявання канфлікту ў Украіне "столькі, колькі спатрэбіцца".
Пры гэтым, калі жыхары Крыму па выніках рэферэндуму ўсё ж вырашаць ўвайсці ў склад Расіі, то "Еўропа, зразумела, павінна будзе адрэагаваць". "Як мы гэта зробім і якім спосабам, будзе абмяркоўвацца з усёй ўважлівасцю і адказнасцю ў коле еўрапейскіх міністраў замежных спраў", — указаў Штайнмаер.