Мова або незалежнасць?
Праз Brexit ва Уэльсе паступова растуць незалежніцкія настроі. Імпульсу руху за суверэнітэт можа надаць інтэграцыя ў яго шэрагі англамоўных уэльсцаў. Аднак некаторыя нацыяналісты рашуча супраць білінгвізму.
Зараз на ўэльскай мове могуць размаўляць каля 20 працэнтаў жыхароў Уэльсу. Дарэчы, гэта не так кепска, калі ўзгадаць палітыку татальнай культурнай і моўнай асіміляцыі, якую праводзіў Лондан на ўскраінах Брытанскай імперыі. Уэльская мова, дарэчы, — самая папулярная кельцкая мова ў свеце. Напрыклад, у Ірландыі сваю мову ведаюць 13 працэнтаў. На ўсю пяцімільённую Шатландыю можна знайсці каля 50 тысяч тых, хто размаўляе па-шатландску.
Што да Уэльсу, адначасова прыкладна 18 працэнтаў мясцовых жыхароў выступаюць за свабодны Уэльс. Практычнае супадзенне ў лічбах прымушае патрыётаў задумацца: магчыма, праблема ў тым, што Plaid Cymru — вядучая нацыяналістычная партыя — занадта шмат увагі надае моўнаму пытанню.
Увогуле, гэта не дзіўна, калі ўзгадаць гісторыю партыі, што паўстала ў 1925 годзе. Яе стваральнікамі шмат у чым рухала ідэя ўзняць статус мовы, якая традыцыйна лічылася гутарковай у асяродку сялян і правінцыялаў. Гэты момант быў для нацыяналістаў амаль сакральным. Напрыклад, унутраная партыйная дыскусія прынцыпова адбываецца выключна на ўэльскай мове. Папулярная практыка, кал англійскія імёны, што былі атрыманыя пры нараджэнні, мяняюцца на кельцкія.
Аднак час ідзе — і, адпаведна, апетыты растуць. На думку некаторых нацыяналістаў, выйсці за межы 20-працэнтнага гета Plaid Cymru здольная за кошт аднаго рашучага кроку — уэльскі незалежніцкі праект павінен выглядаць сваім у вачах англамоўных жыхароў. Першым крокам у гэтым кірунку можа стаць перайменаванне Plaid Cymru. Прапануецца назваць структуру «Новая ўэльская партыя» або ўжываць абедзве назвы разам. Дарэчы, ініцыятарам такога кроку стаў новы лідар Plaid Cymru Адам Прайс (Adam Price).
Аматары рэбрэндынгу агучваюць як мінімум тры аргументы ў абарону сваёй прапановы. За кошт білінгвізму рухам зацікавіцца больш выбаршчыкаў, частка з якіх патэнцыйна можа папоўніць партыйны актыў. Сама тэма пра новы Уэльс з’яўляецца аптымістычным, футурыстычным пасланнем. Такім чынам, падкрэсліваецца, што абвяшчэнне незалежнай дзяржавы будзе не чарговай ракіроўкай чыноўнікаў, а новай старонкай гісторыі краю і біяграфіі кожнага ўэльсца.
Нарэшце, узгадваецца паспяховы прыклад Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP), якая ў свой час надала прыярытэт сацыяльным, а не культурным лозунгам. Прываблівы сюжэт пра тое, што незалежная Шатландыя будзе моцнай сацыяльнай дзяржавай, дазволіў SNP стаць масавай партыяй, з часам прыйсці да ўлады і нават паставіць пытанне пра абвяшчэнне суверэнітэту.
Хапае ў аматараў новай назвы і апанентаў. Яны робяць акцэнт на тым, што пытанне мовы заўжды было для ўэльскага руху амаль догматам. Адыход ад асноўнага ідэалагічнага прынцыпу закладзе міну пад партыйнае адзінства. Праціўнікі Адама Прайса пагаджаюцца, што новая назва дазволіць выклікаць цікавасць электарату, аднак вельмі спрэчна, што гэта гарантуе радыкальны электаральны прарыў. Наадварот, ёсць рызыка таго, што традыцыйны выбаршчык пабачыць у новай назве здраду, часовую модную фішку новага кіраўніцтва. Акрамя таго, не зразумела — ці сапраўды англамоўны выбаршчык зацікавіцца новым брэндам.
Варта ўзгадаць яшчэ адну тэзу, што гучыць на мясцовых інтэрнэт-форумах: ці патрэбна нам незалежнасць дзеля фармальнай незалежнасці? Калі край будзе незалежным, то ён, відавочна, павінен адрознівацца ад Уэльса, што быў у складзе Вялікабрытаніі. Магчыма, шырокае выкарыстанне ўэльскай мовы — і ёсць адзнака, што нешта сапраўды змянілася. А паколькі да гэтага яшчэ далёка, прапануецца асцярожна ставіцца да лозунгу «незалежнасць любым коштам». «Нам не трэба нацыя, асноўным маркёрам якой з’яўляецца любоў да мясцовай зборнай па рэгбі», — жартуе адзін з патрыётаў.
Пакуль сябры Plaid Cymru спрачаюцца пра новую назву сваёй партыі, крызіс наконт Brexit зацягваецца, а яго развязка становіцца ўсё больш непрадказальнай. Магчымыя любыя сцэнары — аж да аддзялення Шатландыі і вяртання Ольстэру ў склад Ірландыі. Аглядальнікі не выключаюць, што ў такім выпадку ўэльсцам хутка давядзецца прымаць вызначальныя для краю рашэнні.