Міхаіл Саакашвілі пагадзіўся на лячэнне і супрацоўніцтва з лекарамі

Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі пагадзіўся на лячэнне, паведаміў яго адвакат Дзіта Сазаглішвілі.

34ce71b4_3eb7_42da_9e68_c35017fb099a_w1023_r1_s.jpg

«Праблемы камунікацыі з Міхаілам Саакашвілі вырашаныя, таму Саакашвілі спыніў крайнюю форму пратэсту — адмову ад лячэння, аналізаў, тэстаў і гэтак далей», — сказаў Сазаглішвілі.

Пра гэта ён заявіў пасля сустрэчы з палітыкам у турме ў Руставі.

«Нам далі магчымасць размаўляць такім чынам, каб Служба дзяржаўнай бяспекі не магла запісаць размову паміж намі. У выніку Саакашвілі перастаў актывізаваць свой пратэст — адмаўляцца ад лячэння», — дадаў адвакат.

Паводле яго словаў, Саакашвілі чарговы раз выказаў павагу да лекараў і гатовы працягваць супрацоўніцтва з медыкамі.

Раней упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што Міхаіл Саакашвілі адмовіўся ад любой медычнай дапамогі.

Былы прэзідэнт быў затрыманы 1 кастрычніка ў Тбілісі пасля таго, як таемна прыбыў у Грузію з Украіны. Саакашвілі лічыць сябе палітвязнем і пасля арышту на знак пратэсту абвясціў галадоўку.

У Грузіі Саакашвілі прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за памілаваньне былых чыноўнікаў МУС, асуджаных за забойства Сандра Гіргуліані, і да шасці гадоў турмы за збіццё былога дэпутата Валерыя Гелашвілі. У грузінскай пракуратуры таксама ёсць пытанні наконт незаконнага перасячэння мяжы Саакашвілі.

Міхаіл Саакашвілі лічыць абвінавачваньні супраць яго сфабрыкаванымі.

Паводле «Свабоды».