Крым застаўся без незалежных СМІ
Расія ўстанавіла кантроль практычна над усімі крымскімі СМІ, заяўляюць праваабаронцы з арганізацыі "Рэпарцёры без межаў". Незалежныя журналісты на ўкраінскім паўвостраве падвяргаюцца пераследу.
Цягам апошніх 12 месяцаў Расія ўстанавіла кантроль практычна над усімі крымскімі СМІ, заявіў кіраўнік нямецкага аддзялення міжнароднай арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" Крысціян Мір, адзначыўшы, што амаль цалкам адсутнічае магчымасць крытычнага падыходу да асвятлення падзей. Некаторым незалежным журналістам і блогерам з-за рэпрэсій давялося збегчы з Крыма, паведамляюць праваабаронцы.
У заяве арганізацыі адзначаецца, што пасля правядзення "рэферэндуму" 16 сакавіка 2014 года ў Крыму было адключана ўкраінскае тэлебачанне, у тым ліку тэлеканалы "Інтэр", "1 + 1", "СТБ", "Пяты канал", вяшчанне ТРК Мінабароны Украіны "Брыз". Акрамя таго, спынілася трансляцыя незалежнай крымскай "Чарнаморскай ТРК". Замест гэтага было пачата вяшчанне расійскіх тэлеканалаў. Не быў адключаны толькі незалежны тэлеканал крымскіх татараў ATR, супрацоўнікі якога пастаянна падвяргаюцца ціску з боку расійскіх уладаў.
Акрамя таго ў заяве гаворыцца, што ў канцы лютага 2015 года права на вяшчанне страцілі многія крымскія радыёканалы, што не атрымалі радыёчастот па выніках конкурсу, праведзенага Раскамнаглядам. Расійскае ведамства, у прыватнасці, без тлумачэнняў адмовіла ў ліцэнзіі інфармацыйнаму агенцтву "Крымскія навіны", і журналісты да гэтага не могуць атрымаць акрэдытацыю для ўдзелу ў прэс-канферэнцыях.