Кіраўнік разведкі Германіі папярэдзіў аб пагрозе тэрактаў, «падобных маскоўскаму», на Еўра-2024

«Еўропа, а разам з ёй і Германія, знаходзяцца пад прыцэлам джыхадысцкіх арганізацый».

Ілюстрацыйны здымак. UEFA via Getty Images

Ілюстрацыйны здымак. UEFA via Getty Images

Спецслужбы Германіі лічаць мерапрыемствы чэмпіянату Еўропы па футболе магчымай мішэнню для нападу тэрарыстаў ІДІЛ, піша Financial Times.

Па словах кіраўніка Федэральнага ведамства па ахове Канстытуцыі Германіі (BfV) Томаса Хальдэнванга, пагроза ісламісцкага тэрору ў Германіі яшчэ больш узрасла пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. «Магчымы сцэнар – буйнамаштабныя скаардынаваныя тэрарыстычныя атакі, падобныя нядаўняй у Маскве», – сказаў Хальдэнванг.

Хальдэнванг таксама заявіў, што групоўцы ІДІЛ-К (так называюць падраздзяленне «Вілаят Хорасан», якое ўзяло на сябе адказнасць за напад на «Крокус») удалося пераправіць сваіх сябраў у Заходнюю Еўропу «пад выглядам бежанцаў з Украіны». Паводле яго слоў, групоўка публікавала шматлікія прапагандысцкія відэаролікі, якія заклікаюць прыхільнікаў здзяйсняць напады на «лёгкія мэты» ў Еўропе.

Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Германіі Нэнсі Фэзер, якую цытуе Financial Times, «Еўропа, а разам з ёй і Германія, знаходзяцца пад прыцэлам джыхадысцкіх арганізацый — у прыватнасці ІДІЛ і ІДІЛ-К».

Фэзэр таксама сцвярджае, што ў Германіі рэзка вырасла колькасць антысеміцкіх злачынстваў, і людзі, якія носяць габрэйскую сімволіку, напрыклад, члены спартыўнага клуба «Макабі Германія», часта не могуць выйсці на вуліцу без таго, каб падвергнуцца абразам або нападам.

Глядзіце таксама

Як нагадвае выданне Meduza, 22 сакавіка некалькі тэрарыстаў праніклі ў «Крокус Сіці Хол» перад канцэртам гурта «Пікнік» і адкрылі агонь па людзях. Глядацкая зала загарэлася, будынак пачаў разбурацца. У выніку тэракту і пажару загінулі больш за 140 чалавек, у тым ліку некалькі дзяцей. Адказнасць за напад узяла на сябе ячэйка ІДІЛ пад назвай «Вілаят Хорасан».

У пачатку траўня прапагандысцкі часопіс ІДІЛ «Голас Хорасана» апублікаваў калаж, на якім баявік з аўтаматам стаіць на фоне футбольнага стадыёна з адзнакамі гарадоў Еўра-2024 — Берліна, Дортмунда і Мюнхена. «Забі апошні гол», — гаварылася ў подпісы да карцінкі.

У пачатку чэрвеня паліцыя затрымала ў Кёльне грамадзяніна Германіі, Марока і Польшчы Суфіяна Т., якога падазраюць у падтрымцы ІДІЛ і пераводзе каля 1700 еўра ў крыптавалюце на рахунак тэрарыстаў. Па дадзеных Focus, затрыманы спрабаваў уладкавацца сцюардам на матчы Еўра-2024.