Казахстан. Назарбаева зноў пакінулі без Нобелеўскай прэміі

Адзін з ускосных, аднак цікавых аспектаў выдачы апошняй Нобелеўскай прэміі міру заключаецца ў тым, што Нобель зноў не дастаўся Назарбаеву, хоць наўрад ці знойдзецца ў свеце больш амбіцыйны ахвотнік стаць нобелеўскім лаўрэатам.

Назарбаў намінуецца ўжо шосты раз. Цяжка сказаць, у чым сакрэт гэтага маніякальнага жадання. Так ці інакш, з 2003 года казахскі МЗС рэгулярна падбівае нейкія арганізацыі, дэпутатаў іншых краін, а часам і цэлыя парламенты (напрыклад, кіргізскі) прасіць у нобелеўскіх акадэмікаў прэмію для Назарбаева. Цікава пералічыць заслугі Нурсултана, якія пазначаюцца ў якасці прычыны для ўзнагароды казахскага прэзідэнта: «за барацьбу з распаўсюджаннем ядзернай зброі», «за ўнёсак ва ўмацаванне міру паміж народамі», «за закрыццё атамнага палігона ў Сяміпалацінску». Самую экзатычную матывіроўку прапанаваў у 2009 годзе нейкі чачэнскі дзіцячы дом: «За падтрымку асобаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій». Цікава, ці будзе Нурсултан і надалей дамагацца прэміі? Шмат экспертаў лічаць, што пасля расстрэлу страйкуючых рабочых у Жанаазенне ў снежні мінулага года Назарбаеву на такіх марах трэба паставіць крыж.
 
 Паводле казахскай прэсы